Татьяна Петух из Дома ремесел «Стары млын» отличилась на двух выставках-конкурсах среди мастеров Витебщины

Культура

Загадчык Дома рамёстваў «Стары млын» Таццяна Петух вызначылася на дзвюх выставах-конкурсах, якія ладзіліся сярод майстроў Віцебшчыны.

«Найлепшая рэпліка ўнікальнага мясцовага артэфакта» — так называлася намінацыя, у якой Таццяна Мікалаеўна атрымала дыплом ІІ ступені ў межах праекта «У роднай хатцы». Ён ладзіўся на працягу ўсяго 2023 года і ўключаў у сябе чатыры выставы-конкурсы па рэгіянальным інтэр’ерным тэкстылі Віцебшчыны. За гэты час у выставачных залах Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці экспанаваліся традыцыйныя побытавыя рукатворныя рэчы, створаныя майстрамі народных мастацкіх рамёстваў. У цэнтры ўвагі былі ручное ўзорыстае ткацтва на кроснах, пляценне, вязанне, вышыўка, шыццё з абрэзкаў тэкстылю, набойка, маляванка і іншыя мясцовыя віды тэхнік.

Экспанаваліся самыя розныя тэкстыльныя рэчы, якія можна ўбачыць у роднай хатцы на акне, падлозе, ложку, стале, у калысцы… А гэта дываны, фіранкі, ручнікі, коўдры, посцілкі і шматлікія іншыя вырабы.

— У межах праекта я ўдзельнічала ў выставе-конкурсе «У роднай хатцы на стале, на этажэрцы: абрусы, настольнікі, сурвэткі», — расказвала Таццяна Петух. — Спецыяльна для конкурсу я звязала кручком абрус — рэпліку этнаграфічнага экспаната, які захоўваўся ў маёй хатняй калекцыі. Прыемна, што журы яго ацаніла. Дарэчы, праект «У роднай хатцы» працягнецца і ў наступным годзе. Я буду рабіць рэпліку вышыўкі па сетцы, якую сама і спляту.

Яшчэ адна выстава-конкурс, на якой былі высока ацэнены работы загадчыка Пастаўскага Дома рамёстваў, называлася «Сонечная спадчына» і праводзілася сярод майстроў народных мастацкіх рамёстваў па салома- і спіральным пляценні. Таццяна Петух у ёй адзначана дыпломам ІІ ступені ў намінацыі «Саламяная пластыка».

У гэтыя перадсвяточныя дні творчыя работы Таццяны Мікалаеўны, а таксама яшчэ аднаго пастаўскага майстра Дома рамёстваў — Вольгі Гукавай — можна ўбачыць на штогадовай выставе работ членаў Беларускага саюза майстроў народнай творчасці «Калядныя ўзоры». А гэта значыць, што яшчэ большая колькасць людзей можа пазнаёміцца з творчасцю нашых творцаў, для якіх і наступны год абяцае быць насычаным на падзеі.



У працяг тэмы:

Летась саломапляценне Беларусі было ўключана ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Гэты статус у наступным годзе можа быць прысвоены беларускаму мастацтву выцінанкі. Пытанне аб яе ўключэнні ў спіс разгледзяць у наступным годзе.

Іна Стаднік
Фота даслала Таццяна Петух



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.