Владимир Семашко из г. Бобруйска благодаря СМИ нашел родственника, который живет в Поставах

Общество

Нядаўна ў рэдакцыю «Пастаўскага краю» пазваніў Уладзімір Сямашка з г. Бабруйска і расказаў пра тое, як дзякуючы сродкам масавай інфармацыі знайшоў цёзку па прозвішчы і сваяка, які жыве ў Паставах.

Гэта Барыс Дзмітрыевіч Сямашка. Ён нарадзіўся ў 1931 годзе на Аршаншчыне. У 1940-м іх мнагадзетная сялянская сям’я завербавалася ў толькі што створаную Карэла-Фінскую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку. Там ім выдзелілі дом, далі работу. Не паспелі абжыцца, як пачалася Вялікая Айчынная вайна. Бежанцамі трапілі ў Валагодскую вобласць. Бацька і брат ваявалі на фронце, і абодва загінулі. Ратуючыся ад голаду, маці з трыма дзецьмі завербавалася з Валагодчыны ў Карэлію на лесанарыхтоўкі. Але і там галадалі.

Калі ад непасільнай працы і голаду маці памерла, Барыса прытуліла сям’я дырэктара мясцовага прамкамбіната. А ў жніўні 1944-га асірацелага 13-гадовага хлопчыка залічылі выхаванцам Чырвонай арміі. Ён служыў у 238-м армейскім запасным палку — іграў у аркестры. Перамогу сустрэў за 70 кіламетраў ад Берліна.

Шмат жыццёвых выпрабаванняў выпала на долю Барыса Сямашкі і ў пасляваенны час. Але ён быў і застаецца мудрым, памяркоўным, справядлівым чалавекам. Пра яго наша газета пісала неаднойчы. Змяшчаўся артыкул пра ўдзельніка Вялікай Айчыннай і ў «Витебских вестях». У красавіку 2021-га расказ пра сына палка Барыса Сямашку з’явіўся ў газеце «СБ. Беларусь сегодня». Цёзка па прозвішчы — бабруйчанін Ула­дзімір Сямашка — не мог не звярнуць увагі на гэту публікацыю. «Магчыма, Барыс мне нават радня, — задумаўся. — І ўвогуле, цікава было б пазнаёміцца з гэтым чалавекам». Патэлефанаваў у рэдакцыю газеты і папрасіў у аўтара публікацыі Алега Усачова каардынаты яе героя. Атрымаўшы іх, звязаўся па тэлефоне з Барысам Дзмітрыевічам, а пазней — і з яго сынамі Аляксандрам і Сяргеем. Адзін з іх жыве ў Брэсце, другі — у Магілёве.

Такая зацікаўленасць Уладзіміра Сямашкі, які шмат гадоў кіраваў сельгаспрадпрыемствам, а потым займаўся фермерствам (зараз на заслужаным адпачынку) невыпадковая. На працягу 7 гадоў ён збірае матэрыялы пра свой радавод — звяртаецца ў архівы, адшуквае людзей, якія маюць да яго дачыненне і могуць падзяліцца ўспамінамі, даць пэўныя звесткі. Дзе б ні сустрэў прозвішча Сямашка, пачынае грунтоўна цікавіцца яго носьбітам. У тэлефонных размовах з Барысам Сямашкам ён даведаўся нямала раней невядомага пра родныя мясціны і людзей, якія там жылі (Барыс і Уладзімір — выхадцы з суседніх вёсак на Аршаншчыне).

Барыс Дзмітрыевіч Сямашка з сынам Аляксандрам

Шмат звестак пра родных людзей і проста землякоў утрымліваецца ў аўтабіяграфічнай кнізе Барыса Сямашкі «Жизнь вопреки». Праўда, усе экзэмпляры разышліся, бо яна была выдадзена невялікім тыражом. Аднак сын аўтара — Аляксандр — адправіў Уладзіміру Сямашку яе ў электронным выглядзе. Безумоўна, факты з гэтай кнігі паспрыяюць далейшаму збору матэрыялаў для радаводу.

Што да сваяцтва, то, як высветлілі Уладзімір і Барыс Сямашкі, яно паміж імі ёсць, хаця і не блізкае (родны пляменнік Барыса з’яўляецца стрыечным дзядзькам Аляксандра). Пакуль іх зносіны толькі па тэлефоне. «Але з наступленнем цяпла я абавязкова наведаюся да Барыса Дзмітрыевіча, — запэўніў яго сваяк. — Мы з ім так дамовіліся».

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.