Один из лучших операторов машинного доения ОАО «Хотилы-агро» Светлана Браздаускайте с «Астронавтом» на «ты»

Сельское хозяйство

Напісаць пра аднаго з найлепшых аператараў машыннага даення ААТ «Хацілы-агра» Святлану Браздаўскайтэ парэкамендаваў дырэктар гаспадаркі Вячаслаў Крыштафовіч.

Святлана на малочнатаварным комплексе «Волахі» самая маладая. Пачынала падгоншчыкам жывёлы. Хутка асвоіла камп’ютар і стала аператарам машыннага даення. З робатам «Астранаўт» даўно на «ты». Пайшла ў водпуск па доглядзе дачушкі Евы. А калі дзяўчынцы споўнілася два гады, дырэктар угаварыў датэрмінова вярнуцца на МТК. Работа тут няпростая, але цікавая: на працягу 12 гадзін, што доўжыцца змена, трэба сачыць за робатамі і каровамі.

— Карова прыходзіць на дойку не толькі каб аддаць малако, але і каб паласавацца — яе тут чакае смачны камбікорм, — расказвала Святлана. — У кожнай жывёлы на шыі замацаваны спецыяльны прыбор для прыёму і перадачы інфармацыі. Робат правярае, колькі часу мінула пасля апошняй дойкі. Калі прайшло менш за дзве га­дзіны, паўторна не прыме. А калі час даіць — карова застаецца ў клетцы. Пачынаецца працэс: спачатку — масаж вымя, ачышчэнне саскоў. Затым на іх з дапамогай лазера замацоўваецца даільны апарат. Падчас дойкі фіксуецца тлустасць і якасць малака. Як толькі вымя пусцее, «Астранаўт» дэзынфікуе яго, вызначае стан здароўя жывёлы.

У статку ёсць каровы-рэкард­сменкі — за суткі даюць да 75 літраў малака. Увогуле МТК «Волахі» з квартала ў квартал займае прызавыя месцы па надоях сярод аналагічных комплексаў Віцебшчыны. Дыпломамі завешаны ўсе сцены ў кабінеце начальніка комплексу Аляксандра Бучы.

Складальнікаў паспяховай работы шмат. Самы галоўны з іх — якасныя кармы. Іх у гаспадарцы дастаткова. Грануляваны камбікорм выпускаецца ў мясцовым цэху. Зернефуражу для яго прыгатавання хапае. На высокім узроўні і племянная работа: нізкаўдойныя каровы выбракоўваюцца, і статак папаўняецца высокапрадукцыйнымі першацёлкамі. Не апошнюю ро­лю адыгрываюць адносіны да выканання сваіх абавязкаў вет­урачоў, заатэхнікаў, жывёлаводаў і, вядома, аператараў.

— Калектыў у нас зладжаны, спецыялісты вопытныя, — гаварыла Святлана Браздаўскайтэ. — З дня адкрыцця працуюць на комплексе аператары Іна Хацяновіч, Марына Міхновіч, Валянціна Таяновіч. На іх раўняюся я і Людміла Акуліцкая. А найвышэйшы надой за мінулы год у Святланы Карпушанкі — 10 290 кілаграмаў ад кожнай каровы.

Мне любоў да жывёлы прывіла мама, якая ў свой час таксама шчыравала аператарам. Толькі ўмовы работы і ўтрымання кароў тады былі зусім іншымі. Сучасныя эфектыўныя тэхналогіі ў нашай гаспадарцы ўкараніў Вячаслаў Іосіфавіч Крыштафовіч. Ён умее працаваць на апераджэнне. Таму ў нас затрымліваецца моладзь, ёсць перспектывы росту вытворчасці.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.