Зараз самы спрыяльны час для падкормкі азімых зерневых азотнымі ўдабрэннямі. Падкормка дапамагае раслінкам атрымаць неабходныя пажыўныя рэчывы, якія спрыяюць іх хуткаму аднаўленню пасля зімы, умацоўваюць каранёвую сістэму, стымулююць рост.
На Пастаўшчыне азімыя збожжавыя займаюць 12 664 гектары. Найбольшыя іх плошчы ў ААТ «Навасёлкі-Лучай» і «Камайскі-агра» — адпаведна 2 650 і 2 249 га. Падкормку вядуць усе гаспадаркі.
У ААТ «Сцяг Перамогі-агра» задзейнічаны на ёй Віктар Чыпко. Вопытнаму механізатару ў гаспадарцы даручаюць адказныя работы, бо ведаюць, што выканае іх якасна. У мінулую нядзелю яго «Дзвіну» застала на полі каля Пятраг. Практычнасць і функцыянальнасць машыны дазваляюць працаваць хутка. Механізатар спыніўся на ўскраіне ўчастка для запампоўкі ўдабрэння. Даставіў вадкі азот Дзмітрый Врублеўскі. Ён закінуў шланг у бочку, і вадкасць стала напаўняць рэзервуар «Дзвіны». На запраўку пайшло літаральна некалькі хвілін, і Віктар Чыпко на самаходнай машыне, падобнай на лунаход, адправіўся сілкаваць азімыя. Дзякуючы аптымальнай шырыні апырсквальніка, дакладнаму рэгуляванню дозы ўнясення ўдабрэння, манеўранасці машыны механізатар працуе максімальна прадукцыйна.
У полі была і галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Марына Гваздзеўская. Яна адзначыла, што ранняя падкормка вадкімі ўдабрэннямі заўсёды станоўча ўплывае на ўраджайнасць.
Анна Анішкевіч

