В Старом Дворе открылся фирменный магазин ОАО «Новоселки-Лучай» «Натуральные продукты»

Важное Сельское хозяйство

У вёсцы пражывае каля 300 чалавек. Летам дабаўляецца нямала дачнікаў. А вось гандлёвае забеспячэнне апошнім часам вымушала жадаць лепшага. Таму кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства вырашыла адрамантаваць будынак аддзялення паштовай сувязі, які не выкарыстоўваўся ўжо некалькі гадоў, і абсталяваць у ім свой магазін. У сераду ён ужо прыняў першых пакупнікоў. На адкрыццё новага аб’екта запрасілі старшыню Варапаеўскага сельскага Савета Іну Касарэўскую і пробашча лучайскага касцёла ксяндза Яўгена Міхайлава, які прачытаў малітву аб плённай працы, благаславіў магазін і прысутных вяскоўцаў.

— Для нас гэта радасная падзея! — гаварылі першыя пакупнікі. — У магазіне Пастаўскага філіяла Віцебскага аблспажыўтаварыства асартымент тавараў апошнім часам збяднеў. Хоць прадавец Валянціна Ясінская вельмі старанная. Яна пастаянна клапацілася, каб забяспечыць нас усім неабходным. Толькі ёй не ўсё па сілах.

Тыя, у каго ёсць машыны, па прадукты ездзілі ў Варапаева, Навасёлкі, Паставы. А пажылыя, адзінокія задавольваліся тым, што было ў мясцовай краме. У «Натуральных прадуктах» выбар мясных, хлебабулачных вырабаў, рыбы, бакалеі вельмі шырокі.

— Нашы фірменныя магазіны адкрыты ў многіх населеных пунктах Пастаўшчыны і Браслаўшчыны, — гаварыў намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ «Навасёлкі-Лучай» Славамір Шапель. — Як было не паклапаціцца пра старадворцаў? Тут пражываюць людзі, якія працуюць у нашай гаспадарцы. У выпадку неабходнасці тавар яны могуць набыць і ў лік зарплаты.

Прадавец Аксана Коўзан жыве ў Старым Двары. Працавала ў «Натуральных прадуктах» у Навасёлках. Цяпер будзе на месцы. Гэта для яе як мнагадзетнай мамы вельмі зручна. І вяскоўцы задаволеныя.

У першыя гадзіны адкрыцця магазіна гандаль ішоў бойка. Пакупнікам, здаецца, хацелася купіць усё, чаго няма ў магазіне Пастаўскага філіяла аблспажыўтаварыства. Работнікі бухгалтэрыі ААТ «Навасёлкі-Лучай» тут жа прапаноўвалі дэгустацыю прадукцыі ўласнай вытворчасці. Пакаштаваўшы сала, каўбас, некаторыя станавіліся ў чаргу зноў, каб дапоўніць асартымент набытага.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.