90-летняя Янина Казакевич из д. Сороки доказала, что долгожители — оптимисты

Общество

Пазнаёміўшыся з 90-гадовай Янінай Станіславаўнай Казакевіч з вёскі Сарокі, я ў чарговы раз пераканалася ў тым, што доўгажыхары — аптымісты.

Так супала, што да дома імянінніцы адначасова пад’ехалі рэдакцыйная машына і трактар з прычэпам дроў.

— Вось вам і падарунак да юбілею прывезлі, — пажартавала нявестка Людміла, звяртаючыся да свекрыві, і тут жа сур’ёзна дадала: — Усяго некалькі дзён назад падалі ў гарпаліва заяўку на дровы і так хутка атрымалі іх!

Пераступіўшы парог дома, адразу заўважаю, як усюды чыста і прасторна, што і адзначаю ўслых. І тут жартуе гаспадыня: «А як жа, жыву адна — дзеўка на выданні! Трэба, каб у хаце было прыгожа».

Так, з жартаў, і пачалася наша размова пра жыццё-быццё.

— Сарокі — вёска вялікая, у ёй было шмат моладзі, — успамінала Станіславаўна сваё дзявоцтва. — Ладзілі вечарыны на месцы — звычайна ў хаце маіх бацькоў, хадзілі на танцы ў ляхаўшчынскі клуб. А як працавалі! Я малая як кнопка, але фізічна была моцная. У нас нават атрад склаўся з пяці дзяўчат. Мы аралі параконнымі плугамі. А камандаваў пажылы чалавек — Васіль Латышонак. Ён жа кіраваў намі, і калі вазілі з Голбіі лес на будаўніцтва канюшні ў Ласькіх. Душыліся працай! Палягчэла, калі тата ўладкаваў мяне тэхнічкай у калгасную кантору, адначасова я разносіла пошту.

Амаль штодня Яніна і сама атрымлівала пісьмы: так часта ёй пісаў каханы хлопец Фёдар, які праходзіў тэрміновую службу ў Казахстане. Яны былі аднавяскоўцамі, ведалі адно другога з дзяцінства. Спачатку сябравалі, потым дружба перарасла ў каханне. Стварыўшы сям’ю, назаўсёды засталіся ў Сароках, пабудавалі ўласны дом.

— Харошы ў мяне быў муж, працавіты, не піў. Жылі дружна, — успамінала Яніна Станіславаўна. — Шкада, што памёр дачасна, толькі пайшоўшы на пенсію. Мы з ім выхавалі траіх дзяцей. Дачка Ала скончыла педінстытут, загадвае дзіцячым садам у Вярэньках, сын Алег — электрамеханік, жыве ў Нарачы. Другі сын, Толя, працаваў шафёрам. Маю 7 унукаў і 9 праўнукаў.

Каб падтрымаць маці, пасля смерці бацькі ў родную хату вярнуўся з Ляхаўшчыны сын Анатолій з сям’ёй.

— Пражылі тут з 1996-га па 2011 год, — расказвала нявестка Людміла. — Мы з Толем працавалі, бабуля прыглядвала за ўнукамі. У дзіцячы сад іх не аддавалі.

— Я іх гадавала, затое і зараз, ужо дарослыя, хінуцца да мяне, — дзялілася бабуля. — Як толькі прыязджаюць з Мінска і Полацка да бацькоў, наведваюцца і сюды. І Люда пастаянна прыходзіць, дапамагае. Хаця ёй і дома хапае клопатаў, бо Толя перанёс інфаркт і два інсульты, зараз на I групе інваліднасці. Хочуць забраць мяне ў Ляхаўшчыну, а я адмаўляюся. Хоць зусім апусцелі нашы Сарокі, нават пагаварыць няма з кім, але ж тут усё мне дорага. Сіл, канешне, засталося мала, аднак есці прыгатую, у пакоях прыбяру, расчышчу сцежку ад снегу, на саначках прывязу дроў з павеці. Раней любіла вязаць, вышываць, гафтаваць. Зараз гэтым ужо не займаюся, гультайнічаю. Бывае, і зажуруся, а потым загадваю сабе: «Чаго галаву звесіла? Спявай частушкі!»

Юбілярка парадавала імі і мяне: «Я бы пела, я бы пела, я бы веселилася,/ Чтобы годы молодые ко мне воротилися», «Не за то же я пою, что мне очень весело,/ А за то же я пою, что мне делать нечего». Гучалі частушкі і за святочным сталом, калі павіншаваць юбілярку сабраліся яе родныя. Найперш жадалі здароўя і дасягнуць 100-гадовага рубяжу.

Фаіна Касаткіна. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.