Поставчане представляли Витебскую область на республиканском фестивале “БЕЛАРУСЬ — МАЯ ПЕСНЯ”

Культура

Беларусь – мая песня — пад такой назвай 2 лютага ў Палацы Рэспублікі ў Мінску стартаваў маштабны рэспубліканскі фестываль. На ім кожная вобласць у вызначаны дзень дэманструе свае таленты. Серыю справаздачных канцэртаў адкрылі творчыя калектывы Віцебскай вобласці.

Пастаўшчыну прадстаўлялі заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны фальклорны ансамбль «Паазер’е» і вучаніца Навасёлкаўскай сярэдняй школы імя А. А. Валодзькі Злата Ярашэвіч. Пабывала на канцэрце і дэлегацыя раёна.

— Заходзім у Палац Рэспублікі — і чуем знаёмыя мелодыі: Ванда Мацкевіч і Анатоль Собаль іграюць на цымбалах і гармоніку, — расказвала начальнік аддзела культуры райвыканкама Ірына Лойка. — Ці ж не гонар?! У фае палаца была разгорнута экспазіцыя элементаў беларускай нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны, да якой адносяцца і нашы старажытныя дыятанічныя цымбалы. Пастаўшчына — адзінае месца ў Беларусі, дзе захаваўся гэты музычны інструмент. Іграць на іх вучаць у нашай дзіцячай школе мастацтваў імя А. Тызенгаўза. Дыятанічныя цымбалы таксама ёсць у складзе «Паазер’я» і дзіцячага ансамбля «Пастаўскія цымбалісты».

На выставе былі прадстаўлены і работы майстроў Пастаўскага Дома рамёстваў «Стары млын»: маляванкі Вольгі Гукавай, вырабы з саломкі Таццяны Петух, саламяныя лялькі Крысціны Брэскай. Вырабамі любаваліся намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Пётр Пархомчык, міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў, старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін.

— Сам канцэрт — неверагоднае відовішча! — дзялілася ўражаннямі дырэктар раённага Дома культуры Ала Чарнюк. — У ім удзельнічалі 50 калектываў і індывідуальных выканаўцаў з Віцебска, Наваполацка, Оршы, Пастаў, Расон, Лепеля, Глыбокага, Верхнядзвінска, а гэта больш за тысячу чалавек. Яркасці выступленням дадавалі светлавыя і гукавыя спецэфекты. Візуальным дапаўненнем паслужылі дзевяць святлодыёдных экранаў. Было маштабна і супермасава. За паўтары га­дзіны мы ўбачылі оперу, балет, цырк, эстраду, харэаграфію, паслухалі народныя мелодыі.

Завершыцца фестываль у Дзень Незалежнасці нашай краіны — 3 ліпеня. На галоўнай святочнай сцэне сталіцы запланаваны ўдзел найлепшых самадзейных артыстаў з усіх шасці абласцей і Мінска.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.