20 марта Александре Иосифовне Бородич из д. Петровичи исполнилось 90 лет

Общество

У той дзень да яе з тортам і кветкамі наведаліся з Пастаў дачка і зяць. Безумоўна, імянінніца чакала іх. А вось прыезд старшыні Дунілавіцкага сельскага Савета Таісы Баторы і справавода Людмілы Палянінай стаў неспадзяванасцю, але, безумоўна, прыемнай.

— Ведаючы, што юбілярка жыве адна, нават разгубіліся, спыніўшыся ля дома: можа, пераблыталі адрас? — расказвала Таіса Браніславаўна. — У вокнах — кветкі, расада памідораў, дагледжаны двор. Яшчэ больш уразіла сама гаспадыня: гледзячы на яе, немагчыма было паверыць у такую важкую лічбу ў жыццёвым календары.

— Тры гады назад я ледзьве не памерла ад каранавіруса, — прызнаецца Аляксандра Іосіфаўна. — Нічога не балела, але было так цяжка, што траціла прытомнасць. Дачцэ не прызнавалася, думала, што па старасці заканчваецца маё жыццё. Але яна нават па тэлефоне адчула, што мне вельмі дрэнна. Забрала да сябе ў Паставы, потым паклалі там у бальніцу. І дактары вылечылі мяне! У цэлым жа наракаць на здароўе не магу, бо ў бальніцы раней не ляжала, таблеткі п’ю толькі тады, калі падымаецца ціск.

Яе дзяцінства абпаліла вайна. Памятае, як праз іх мясцовасць ішлі немцы. Вяскоўцы і хутаране хаваліся ў загадзя выкапаных у лесе зямлянках. Сем чалавек, якіх фашысты засталі дома, яны расстралялі. Падпалілі многія хаты. Жудаснае давялося перажыць яе старэйшаму брату Міхаілу. Акупанты прымусілі 12-гадовага хлопчыка на падводзе вывозіць на могілкі целы вязняў, расстраляных у дунілавіцкім гета. Некаторыя былі яшчэ напаўжывыя… Вяртаўся дадому — і плакаў. Той кашмар да скону дзён заставаўся ў яго памяці.

Бедным і галодным быў пасляваенны час. Але, на шчасце, вярнуўся з фронту бацька, уцалела іх хата. Калі стварылі калгасы, 17-гадовая Саша пайшла працаваць на ферму.

— 30 гадоў даіла кароў, — успамінала жанчына. — Ніякай механізацыі тады не было, таму працавалі цяжка. Уручную даілі кароў, вёдрамі насілі ваду, зімой адбівалі ў траншэях мерзлы сянаж і карзінамі цягалі ў кароўнік, счышчалі гной.

У калгасе працаваў і яе муж. Выхоўвалі дзвюх дачушак. Старэйшай лёс адмераў усяго 38 гадоў жыцця. Давялося бацькам перажыць і такое гора.

— Напэўна, і за дачушку жыву так доўга, — гаварыла Аляксандра Іосіфаўна. — Яшчэ і сілу маю. Прашу зяця, каб не наносіў у хату шмат дроў, вады, бо трэба і самой рухацца. Працую ў агародзе, кветніку. Вось і нядаўна пасеяла на расаду астры, цыніі, а памідоры ўжо нават папікіравала.

Даведаўшыся, што раней Аляксандра Бародзіч прала воўну, вязала з яе цёплыя рэчы, а таксама шыла не толькі для сваёй сям’і, але і для многіх іншых людзей, пытаюся, ці бярэ іголку ў рукі сёння. І чую ў адказ:

— А як жа! Нават у самае маленькае вушка ўвяду нітку, і ў швейную машынку — таксама. Толькі нікому зараз ужо не патрэбна шыццё, усё можна купіць у магазіне ці на рынку.

Ну а такога даўгалецця, працавітасці, еднасці з роднымі мясцінамі, як у Аляксандры Бародзіч, не купіць нідзе і ні за якія грошы. Яно або ёсць, або няма.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.