Ежегодно 24 марта на планете отмечается Всемирный день борьбы с туберкулезом

Здравоохранение

Штогод 24 сакавіка на планеце адзначаецца Сусветны дзень барацьбы з туберкулёзам. Пра гэта небяспечнае і дастаткова распаўсюджанае інфекцыйнае захворванне, якое з’яўляецца адной з дзесяці асноўных прычын смерці ў свеце, мы ведаем дзякуючы нямецкаму мікрабіёлагу Роберту Коху. Амаль паўтара стагоддзя назад, у 1882 годзе, ён выявіў узбуджальнік туберкулёзу, пазней названы палачкай Коха.

Туберкулёз пашкоджвае розныя органы: скуру, ныркі, кішэчнік, вочы, косці і інш., але часцей за ўсё — лёгкія. Заразіцца ім можна ўсюды: дома, у гасцях, на рабоце, у грамадскім транспарце, магазіне, проста ў натоўпе. І ад гэтага не застрахаваны ніхто, незалежна ад узросту і сацыяльнага статусу. Перадаецца ён у асноўным паветрана-кропельным шляхам. Але ёсць верагоднасць заражэння праз рэчы хворага або ежу, напрыклад праз малако хворай жывёлы, яйкі. Да групы рызыкі адносяцца маленькія дзеці, пажылыя, хворыя на ВІЧ. Калі чалавек часта пераахалоджваецца, жыве ў сырым памяшканні, якое дрэнна ацяпляецца, таксама вялікая верагоднасць падхапіць туберкулёз.

— Каварства хваробы ў тым, што на ранніх стадыях яна ніяк не праяўляецца, — расказвае ўрач-фтызіятр Пастаўскай ЦРБ Надзея Андрушкевіч. — Чалавек добра сябе адчувае і вядзе актыўны лад жыцця. Калі ж пачынаюцца клінічныя праяўленні — працяглы кашаль, слабасць, начная патлі­васць, невысокая, крыху больш за 37 градусаў, тэмпература цела, якая пастаянна трымаецца, — звычайна ў лёгкіх ужо не лепшая карціна. Акрамя таго, туберкулёз вельмі заразны. У большасці выяўленых у нашым раёне выпадкаў хворыя выдзялялі палачку Коха. Пры гэтым многія не здагадваліся пра сваю хваробу, жылі, як звычайна, і заражалі іншых.

Па словах Надзеі Аляксандраўны, з кожным годам захваральнасць на туберкулёз у Беларусі, і на Пастаўшчыне таксама, зніжаецца. За апошнія 10 гадоў колькасць хворых зменшылася прыкладна ў 3 разы. Гэта адбылося дзякуючы павышэнню ўзроўню жыцця насельніцтва, большай увазе людзей да свайго здароўя і пашырэнню магчымасцей медыцыны. Для таго, каб абследаваць жыхароў сельскіх населеных пунктаў, дзе пражываюць у асноўным адзінокія пажылыя, якім цяжка дабрацца ў горад, медыкі выкарыстоўваюць перасоўны флюарограф. У тых, каго не могуць абследаваць флюараграфічна, бяруць макроту на аналіз. У апошні час з’явіліся і вельмі добрыя прэпараты для лячэння туберкулёзу. Яны выдаюцца пацыентам бясплатна, што немалаважна, бо працягласць лячэння складае ад 6 месяцаў да 2 і больш гадоў у залежнасці ад цяжкасці захворвання.

Бактэрыяй туберкулёзу інфіцыравана прыкладна трэцяя частка насельніцтва планеты.

Такія даныя прыводзіць Сусветная арганізацыя аховы здароўя. Але праяўляецца хвароба далёка не ва ўсіх. Як правіла, штуршком да гэтага становіцца зніжэнне імунітэту. Таму нам з вамі трэба звярнуць на яго асаблівую ўвагу, раіць Надзея Андрушкевіч.

— Вельмі важна падтрымліваць здаровы лад жыцця, фізічную актыўнасць, правільна і паўнацэнна харчавацца, рэгулярна бываць на свежым паветры, выключыць шкодныя звычкі: курэнне, ужыванне алкаголю і наркотыкаў, — кажа ўрач. — Ну а асновай прафілактыкі з’яўляецца прышчэпка БЦЖ, якую робяць дзецям пры нараджэнні, і штогадовае праходжанне флюараграфіі дарослымі людзьмі. Безумоўна, яны не гарантуюць таго, што чалавек не захварэе, але дазволяць пазбегнуць цяжкай формы хваробы.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.