Фоторепортаж: Республиканский субботник прошел в Поставах

Общество

Каб паветра было чыстым

К 9 гадзінам у суботу на вуліцы Міру ў райцэнтры сабраліся работнікі аддзелаў ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама, арганізацыйна-кадравага, раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Да іх далучыліся старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік, яго намеснік Станіслаў Чымбург, старшыня раённага Савета дэпутатаў Юрый Кісялёў. Адна машына УП ЖКГ прывезла лапаты, са­джанцы ліпы і клёну, другая — ваду. Настрой ва ўдзельнікаў суботніка быў цудоўны. Усе з энтузіязмам узяліся за работу: абчэсвалі калкі, разносілі са­джанцы да вызначаных месцаў пасадкі, рыхтавалі шпагат для падвязвання дрэўцаў. Сяргей Чэпік першым узяў у рукі лапату і разам з галоўным спецыялістам райінспекцыі Юліяй Трафімавай пачаў садзіць дрэўцы ўздоўж вуліцы Міру ў бок Рамелек.

— Павінны абавязкова пры­жыц­ца, бо ў нас з Юляй лёгкая рука, — жартаваў кіраўнік раёна. — Увогуле, праводзіць у красавіку рэспубліканскі суботнік — добрая традыцыя, узятая з савецкага мінулага. За работу бяромся талакой, таму заўсёды бачны маштаб зробленага: чыстыя гарадскія вуліцы, парадак у парках і скверах, добраўпарадкаваныя воінскія пахаванні, помнікі і абеліскі. Сёлета 35% заробленых беларусамі на суботніку сродкаў пойдуць на рэканструкцыю мемарыяльнага комплексу «Дзецям — ахвярам вайны» ў Жлобінскім раёне Гомельскай вобласці, яшчэ 35% — на стварэнне Рэспубліканскага цэнтра патрыятычнага выхавання моладзі ў Кобрынскім раёне і 30% — на рэканструкцыю і аднаўленне мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы Мінскай вобласці і Мінска.

Вуліца Міру ў Паставах праходзіць уздоўж дарогі на Лынтупы. Рух транспарту тут інтэнсіўны. Пасаджаныя на ёй падчас суботніка дрэўцы будуць ачышчаць паветра, засланяючы жылыя дамы ад пылу.

Павінна быць культурна

Гарадскі парк — месца правя­дзення шматлікіх культурных мерапрыемстваў. Таму і не дзіўна, што тут шчыравалі работнікі аддзела культуры райвыканкама, Цэнтра культуры і народнай творчасці, раённага Дома культуры, цэнтральнай раённай бібліятэкі. Ідучы ад будынка райвыканкама па набярэжнай, яны назбіралі некалькі мяшкоў пластыкавых бутэлек, рознага смецця, пакінутага рыбакамі і іншымі гараджанамі. Вялікі аб’ём работы ўдзельнікі рэспубліканскага суботніка выканалі і каля летняга амфітэатра, на былой танцпляцоўцы: выграблі мінулагодняе лісце, сабралі шмат бутэлек з-пад піва і спіртнога.

Крыўдна, што ў нас такія нядобрасумленныя грамадзяне, якія кідаюць абы-дзе смецце, — гаварылі культработнікі. — Парадак каля амфітэатра наводзім не раз на год: падчас суботніка, напярэдадні Міжнароднага фестывалю народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік», перад фестывалем фарбаў. І кожны раз вывозім горы смецця.

Каманда пад кіраўніцтвам начальніка аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Мікалая Доўманта садзіла елачкі за кафэ-барам «Лагуна».

— Паглядзіце на гэты «шанхай», — звяртае ўвагу прысутных Мікалай Доўмант, паказваючы на дашчатыя складзікі, хлеўчукі, што месцяцца паміж двухпавярхоўкамі па вуліцы Савецкай і ракой Мядзелкай. — Маладымі елачкамі спрабуем закрыць іх непрыглядны выгляд. Летась елкі бралі на месцах санітарных высечак, і многія не прыжыліся, некаторыя зламалі людзі. Сёлета за сродкі, выдзеленыя на азеляненне горада, набылі дрэўцы з моцнай каранёвай сістэмай у лясгасе. Спадзяюся, пойдуць у рост і ўпрыгожаць гэта месца.

Тымбілдынг па-пастаўску

Не спыніцца ля работнікаў Пастаўскага раёна газазабеспячэння было немагчыма: яны ў форменным адзенні і спецыяльных камізэльках прыбіралі вуліцу 17 Верасня, на якой размяшчаецца іх прадпрыемства. Змяталі пясок у кучкі, грузілі ў экскаватар.

— Тэрыторыю вакол нашага адміністрацыйнага будынка лічым найпрыгажэйшай у горадзе, — гаварылі мужчыны. — Стараемся, каб і на вуліцы быў парадак. Прыбіраем яе па меры неабходнасці. Сёння яшчэ адна група нашых работнікаў збірае смецце па сцежцы ад вуліцы Заводскай да сасонніка ў 6-м гарадку. Там праходзіць газаправод, а людзі ствараюць на ім і каля яго сапраўдныя звалкі.

Калі пад’ехалі ва ўказанае месца, убачылі вынік работы райгазаўцаў — некалькі вялізных мяшкоў са смеццем.

— Збіраць смецце, якое тут валялася, — работа непрыемная, — прызналіся жанчыны. — Але тое, што з калегамі правялі з карысцю час, — цудоўна! Гэта сапраўдны тымбілдынг.

Пашчыравалі ў суботу многія калектывы Пастаўшчыны. Напрыклад, адны работнікі малочнага завода працавалі на сваіх рабочых месцах, іншыя наво­дзілі парадак на замацаванай за прадпрыемствам вуліцы Кляра і тэрыторыі вакол яго. Дзякуючы дружнай працы горад пачысцеў і папрыгажэў.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.