С 29 апреля принимать телефонные звонки жителей Поставщины по номеру 103 будут диспетчеры уже не в Поставах, а в Глубоком

Здравоохранение

З 29 красавіка прымаць тэлефонныя званкі жыхароў раёна па нумары 103 будуць дыспетчары ўжо не ў Паставах, а ў Глыбокім. Гэта звязана з рэарганізацыяй службы хуткай медыцынскай дапамогі, якая праводзіцца з мэтай паляпшэння якасці аказання меддапамогі насельніцтву.

Рэарганізацыя названай службы на Віцебшчыне ідзе даўно. Большасць гарадскіх станцый і раённых аддзяленняў хуткай медыцынскай дапамогі ўжо ўваходзяць у адзіную структуру з цэнтрам у Віцебску. Па-ранейшаму працу­юць пакуль шэсць раёнаў вобласці: Пастаўскі, Глыбоцкі, Докшыцкі, Шаркаў­шчынскі, Браслаўскі і Міёрскі. 29 красавіка іх аб’ядна­юць, стварыўшы між­раённы цэнтр у Глыбокім. Яго дыспетчары бу­дуць перадаваць прынятыя выклікі непасрэдна брыгадам «хуткіх», якія забяспечаць рабочымі мабільнымі тэлефонамі.

— Цяпер, тэлефануючы на 103, трэба ўдакладняць, з якога вы раёна і якая гэта зона, калі жывяце ў вёсцы, — папярэджвае старшы фельчар выязной брыгады аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі ЦРБ Павел Азараў. — Таму што вёсак з аднолькавымі назвамі нямала і дыспетчар можа адправіць машыну не туды, куды трэба. Таксама для «хуткіх» не будзе межаў раёна. Нашы фельчары змогуць аказваць дапамогу жыхарам Глыбоччыны, Браслаўшчыны і Шаркаўшчыны, калі на момант выкліку будуць знаходзіцца бліжэй за іх брыгады да патрэбнага населенага пункта, і наадварот.

У пачатку бягучага года ў рамках рэарганізацыі пастаўскія медыкі атрымалі дзве новыя «хуткія» вытворчасці Мінскага аўтамабільнага завода. Зараз яны працуюць у горадзе. Неўзабаве такія ж машыны з’явяцца ў Варапаеве і Лынтупах. На Лынтупшчыне будзе ўжо паўнавартасны пост з кругласутачным графікам работы. Акрамя таго, фельчарам павінны выдзеліць новае медыцынскае абсталяванне: дэфібрылятары, апараты для штучнай вентыляцыі лёгкіх і зняцця электракардыяграмы. Дзякуючы яму пры транспарціроўцы пацыента ў бальніцу можна будзе бачыць дынаміку яго стану.

Разам са скасаваннем пасад дыспетчараў у нас уво­дзіцца новая штатная адзінка — загадчыка пастаўскага, браслаўскага і шаркаўшчынскага аддзяленняў хуткай медыцынскай дапамогі, які будзе курыраваць работу фельчараў трох раёнаў. Гэту пасаду зойме Уладзімір Чакавы. А на базе Глыбоцкага міжраённага цэнтра створаць вучэбны клас, дзе фельчары круглы год будуць павышаць свае практычныя навыкі.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.