У пачатку верасня ў штаце 1-га ваеннага шпіталя органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь з’явіўся новы супрацоўнік — лейтэнант медыцынскай службы старшы ўрач анестэзіёлаг-рэаніматолаг Уладзімір Астапаў. І хоць працуе ён тут няпоўныя два месяцы, ужо паспеў выдатна сябе зарэкамендаваць.
Уладзімір родам з Полацка. Там скончыў ліцэй, а затым — Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Інтэрнатуру праходзіў у абласной цэнтральнай клінічнай бальніцы. Пасля яе быў накіраваны ў Полацкую цэнтральную гарадскую бальніцу, дзе адпрацаваў месяц і перавёўся ў шпіталь.
— Калі яшчэ праходзіў інтэрнатуру, мне прапанавалі тут месца, — расказваў падчас сустрэчы. — І я згадзіўся яго заняць, таму што хацеў быць не проста ўрачом, а ваенным, як мае родныя.
Бацька Уладзіміра — кадравы ваенны ў адстаўцы. Дзед — таксама Уладзімір Астапаў, у гонар якога назвалі ўнука — першы галоўны ўрач полацкага анкадыспансера. Па яго ініцыятыве і была пабудавана гэта ўстанова. Бабуля — тэрапеўт з вялізным вопытам. Выйшаўшы на пенсію, яна пяць разоў вярталася на работу — настолькі любіла сваю прафесію. Прабабуля — падпалкоўнік медыцынскай службы, прайшла Вялікую Айчынную вайну. Прадзед на фронце быў лётчыкам-знішчальнікам.
Маючы такіх продкаў, кім яшчэ, як не ваенным урачом, мог стаць Уладзімір? І родныя вельмі ганарацца яго прафесійным выбарам.
— Зараз, акрамя выканання сваіх непасрэдных абавязкаў анестэзіёлага-рэаніматолага, я яшчэ часова замяшчаю начальніка аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Аляксея Віктаравіча Станкевіча, які знаходзіцца ў водпуску, — працягваў мой суразмоўца. — Не скажу, што гэта лёгка, бо раней не меў такога вопыту. Таму перыядычна звяртаюся да старэйшых калег, каб удакладніць некаторыя пытанні. Напрыклад, як запаўняць тыя ці іншыя дакументы, куды іх неабходна падаваць і г.д. А ўвогуле, работа падабаецца, і ў мяне ўсё атрымліваецца. Хоць да гэтага часу непрывычна, калі прыходжу да пацыента, а ўсе, хто знаходзіцца ў памяшканні, устаюць па стойцы смірна, выгукаюць: «Здравия желаю!» і чакаюць маёй каманды.
Што да медыцынскага боку, то, па словах Уладзіміра, работа ў шпіталі не адрозніваецца ад звычайнай бальніцы: тыя ж захворванні і аперацыі. Бываюць і экстранныя выклікі. Так, нядаўна прыйшлося ноччу тэрмінова збірацца на аперацыю. Да слова, прайшла яна паспяхова, пацыент папраўляецца.
Нягледзячы на невялікі практычны вопыт, Уладзімір Астапаў ужо заваяваў аўтарытэт у калектыве аддзялення анестэзіялогіі, рэаніматалогіі і інтэнсіўнай тэрапіі і медустановы ў цэлым. Старэйшыя калегі прыслухоўваюцца да яго парад адносна рацыянальнага выкарыстання медыцынскіх прэпаратаў і абсталявання. Напрыклад, па прапанове героя артыкула ў дадатак да лякарстваў, якія маюцца, заказалі новыя — больш эфектыўныя і акупляемыя, купілі яшчэ два наркозныя апараты.
Размаўляючы з маладым урачом, я пацікавілася, ці збіраецца ён застацца ў Паставах. На што той шчыра адказаў:
— Як будзе далей, пакажа час. Пакуль жа мне ўсё тут падабаецца. Жыву на здымнай кватэры побач са шпіталем, што вельмі зручна: пяць хвілін — і ты на рабоце. Бытавыя ўмовы выдатныя. Ужо стаў у чаргу на атрыманне службовага жылля. Таму ўсё магчыма.
Алена Шапавалава

