Ураджэнец вёскі Чорнае Павел Кузьміч 13 красавіка ў Маладзечне прыняў святарскае пасвячэнне

Духовность

Ураджэнец вёскі Чорнае Павел Кузьміч 13 красавіка ў Маладзечне прыняў святарскае пасвячэнне, а на наступны дзень у родным касцёле ў Варапаеве адправіў першую святую Імшу.

Жыццё змянілі тры дні

Многія парафіяне, асабліва старэйшага ўзросту, глядзелі на маладога святара — і ўспаміналі той час, калі непаседа Паўлік быў міністрантам. І ніхто тады не мог нават паду­маць, што гэтага гарэзлівага хлопца Бог пакліча за сабой. Прыкладна ў 11-12-гадовым узросце падчас школьных канікул яму давялося тры дні пажыць у тагачаснага вікарыя варапаеўскай парафіі ксяндза Андрэя Санько. Павел глядзеў на святара і хацеў быць такім, як ён, звязаць сваё жыццё са служэннем Богу і людзям. Гэтыя тры дні цалкам змянілі жыццё свавольніка.  Дадому ён вярнуўся больш паслухмяным і захопленым касцёлам. Напэўна, тады ў яго сэрца і ўпала зерне паклікання. Затым быў перыяд, калі юнак адышоў ад касцёла, вучыўся ў каледжы, служыў у раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях. І пастаянна знаходзіўся ў пошуках свайго прызвання.

Ураджэнец вёскі Чорнае Павел Кузьміч 13 красавіка ў Маладзечне прыняў святарскае пасвячэнне

Яшчэ падлеткам Павел прачытаў кнігу пра манаха-капуцына айца Піо. Гэтага святога выбраў сваім апекуном падчас сакраманту Бежмавання. Будучы дарослым, задумаўся пра паступленне ў ордэн капуцынаў. Стаў цікавіцца ім. Аднаго разу паехаў у Маладзечна, у касцёл Святога Піо, дзе працуюць капуцыны, каб глыбей пазнаёміцца з укладам іх жыцця. Падкупілі прастата і аўтэнтычнасць. І тут зерне паклікання дало кволыя расткі. Маці да выбару сына аднеслася з разуменнем. У бацькі, напэўна, было расчараванне, што адзіны сын, прадаўжальнік роду, хоча стаць святаром.

Капуцыны – адна з галін ордэна манахаў-францішканцаў, заснавальнікам якога з’яўляецца Святы Францішак Асізскі. Яны носяць карычневае адзенне з востраканцовым капюшонам і складаюць вечныя абяцанні чысціні (цалкам аддаюць сваё сэрца Богу), беднасці (не маюць ніякай уласнасці), паслухмянасці (прымаюць Божую волю).

Этапы фармацыі

Шлях да святарства ў ордэне капуцынаў доўгі і складаецца з некалькіх этапаў. Першы — пастулат (распазнанне выбранай дарогі) — хлопец праходзіў у Маладзечне. Паўлу хапіла 9 месяцаў, каб пераканацца, што ён на правільным шляху. Пасля гэтага адправіўся ў Польшчу. Другі этап — навіцыят (перыяд паслушніцтва) — год абмежаваных адносін з роднымі (можна было толькі пісаць пісьмы). Трэці — францішканскі год. У гэты перыяд ахвотныя стаць капуцынам па прыкладзе Святога Францішка дапамагаюць бедным, пракажоным, тым, хто церпіць ад розных залежнасцей. Павел некаторы час працаваў у хоспісе для хворых на анкалогію. Там ён мяняў ім памперсы, мыў, падстрыгаў іх, дзяліўся духоўнымі каштоўнасцямі. Пазней дапамагаў бедным і састарэлым. Пасля гэтага была вучоба ў каталіцкім  універсітэце ў Любліне, падчас якой атрымаў добрую багаслоўскую і філасофскую адукацыю. Затым прадоўжыў вучобу ў італьянскім горадзе Бары, дзе на тэалагічным факультэце абараніў бакалаўрыят. Першыя манаскія абяцанні склаў у Польшчы, вечныя — у Докшыцах.

Зноў на родным алтары

Мінула 10 гадоў. Нарэшце — сакрамант Святарства. Брат Павел прыняў яго з рук генеральнага вікарыя біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрыя Касабуцкага. Падтрымаць свайго брата малітвай і падзякаваць Богу за яго пакліканне на ўрачыстасць прыехалі капуцыны з Польшчы, Літвы, Італіі і ўсёй Беларусі, а таксама сябры, блізкія, родныя, парафіяне.

На наступны дзень прэзбітара сустракалі на малой радзіме. Дзяўчынкі варапаеўскай парафіі ўрачыста прывялі маладога святара да алтара, на якім шмат гадоў таму Бог узяў за руку маленькага хлопчыка Пашу і цярпліва вёў яго да святарства. Казанне на прыміцыйнай Імшы прамовіў зямляк — ксёндз Генадзій Лаўніковіч, з якім брат Павел сябруе з малых гадоў. Ксёндз Гена­дзій успомніў і прыгоды дзяцінства, і размовы пра пакліканне, пажадаў плёну на Божай ніве.

Святарства — гэта каштоўны дар ад Бога і таямніца. Вялікую ролю на шляху паклікання адыгрывае асяроддзе, у якім жыве будучы святар. Брат Павел дзякаваў за падтрымку, малітву бацькам, родным, сацыяльнаму педагогу мясцовай школы Вользе Ратнік, братам-капуцынам, пробашчу варапаеўскага касцёла ксяндзу Эдуарду Сінкевічу, сястры Марыяне, сябрам і іншым. Кожны з іх унёс свой уклад у фарміраванне яго асобы.

Радасць перапаўняла парафіян: гэта і іх малітвы дапамаглі тром варапаеўскім хлопцам — Паўлу Мажэйку, Генадзію Лаўніковічу і Паўлу Кузьмічу — распазнаць пакліканне. Першы ўступіў у ордэн дамініканцаў і служыць у Віцебску, другі — сэрцанін і з’яўляецца вікарыем у Шаркаўшчыне. Яны таксама прысутнічалі на прыміцыйнай святой Імшы земляка.

Сваё служэнне брат Павел наступныя тры гады будзе несці ў італьянскім Бары: выконваць паслугі вікарыя парафіі, душпастыра моладзі і дзяцей, эканома ў кляштары, сумяшчаючы ўсё гэта з вучобай. А пасля, спадзяёмся, вернецца на Радзіму і будзе служыць тут.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.