Раніцай 19 снежня машыніст тралёвачнай машыны Пастаўскага лясгаса Уладзімір Варанец замест прывычнага спецадзення апрануў святочны касцюм і адправіўся ў Мінск, у Палац Рэспублікі. Там з рук Прэм’ер-міністра Беларусі Рамана Галоўчанкі ён атрымаў медаль «За працоўныя заслугі».
— Крыху хваляваўся, — дзяліўся ўражаннямі Уладзімір. — Палац Рэспублікі — гэта не лес, дзе я адчуваю сябе гаспадаром. Абстаноўка на цырымоніі ўзнагароджання была ўрачыстай. Прыемна было чуць словы падзякі за працу ад Прэм’ер-міністра. Такое бывае раз у жыцці.
Раман Галоўчанка сказаў, што беларусы ў яго асацыіруюцца з працавітасцю, якая з’яўляецца базавай рысай нацыянальнага характару, перадаецца з пакалення ў пакаленне. Ад дзядоў і бацькоў перадалася яна і Уладзіміру Варанцу. Нарадзіўся ў вёсцы Сліжова, што недалёка ад Груздава. Маці была паляводам, бацька — механізатарам былога калгаса «Рассвет». Да тэхнікі з дзяцінства цягнуўся і Валодзя. Ужо ў падлеткавым узросце вырашыў, што пойдзе бацькоўскай сцежкай. У 1992 годзе паступіў у пастаўскае на той час прафтэхвучылішча. Атрымаўшы спецыяльнасць трактарыста-машыніста шырокага профілю, вярнуўся ў мясцовую гаспадарку. А адслужыўшы ў арміі, уладкаваўся ў Груздаўскае лясніцтва. З таго часу мінула больш за 20 гадоў. Уладзімір асвоіў найноўшую тэхніку.
— Я збіраю спілаваную драўніну, сартую яе па дыяметры і даўжыні, складваю для вывазкі, — расказваў пра сваю работу Уладзімір. — Параўноўваю той час, калі я толькі прыйшоў у лясную гаспадарку, і сучаснасць. Лясная галіна развіваецца, прыйшлі новыя сучасныя тэхналогіі. І ў нашым лясгасе з’явілася шматаперацыйная тэхніка. На ёй мы асвойваем новыя метады нарыхтоўкі драўніны. Напарнікамі ў мяне Уладзімір Савельеў і Канстанцін Кірплюк. Зараз яны ў камандзіроўцы ў Жлобінскім раёне, дзе дапамагаюць калегам ліквідоўваць наступствы ліпеньскай стыхіі.
Як адзначыў намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце лясгаса Аляксандр Іванькоў, Уладзімір Варанец зарэкамендаваў сябе адказным, дысцыплінаваным работнікам. Ён адным з першых асвоіў фарвардар. Працавіты, добра ведае спецыфіку сваёй работы, выконвае яе якасна. Машыну адчувае, кіруе ўпэўнена. Любую паломку можа ўхіліць аператыўна. З пастаўленымі задачамі механізатар спраўляецца, даведзеныя планавыя паказчыкі перавыконвае.
Уладзімір Варанец — гонар калектыву, карыстаецца заслужаным аўтарытэтам у калег. За час работы ў лясгасе ўдастойваўся Ганаровых грамат і Падзяк розных узроўняў.
Па выніках работы за 2023 год Уладзіміру Варанцу прысвоена ганаровае званне «Чалавек года Пастаўшчыны».
Станоўчых якасцей у чалавека шмат, таму яго кандыдатура і была вылучана на ўзнагароджанне медалём «За працоўныя заслугі».
Анна Анішкевіч

