У жыцці кожнага чалавека бываюць сітуацыі, калі тэрмінова патрабуецца дапамога медыкаў. Тады мы набіраем кароткі тэлефонны нумар 103. У некаторых выпадках хвіліны чакання «хуткай» могуць здацца вечнасцю, і мы пачынаем абвінавачваць яе работнікаў у непаваротлівасці. Між тым існуе размежаванне выклікаў і парадак іх абслугоўвання. Пра гэта расказвае старшы фельчар аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі «Паставы» Павел АЗАРАЎ:
— Нашу работу рэгламентуе пастанова Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 4 студзеня 2020 года №2 «Аб пытаннях арганізацыі дзейнасці службы хуткай медыцынскай дапамогі». Згодна з ёй, усе выклікі падзяляюцца на экстранныя і неадкладныя.
Да экстранных адносяцца выклікі на пажар, дарожна-транспартнае здарэнне і іншыя надзвычайныя сітуацыі, у якіх ёсць пацярпелыя, калі чалавек атрымаў траўму ў выніку падзення з вышыні або ўдару токам, апёкі вялікай плошчы цела, агнястрэльныя і нажавыя раненні, нечакана страціў прытомнасць або ў яго пачаліся сутаргі. Гэта станы, якія ўяўляюць пагрозу жыццю. Такімі ж з’яўляюцца алергічныя рэакцыі ў выглядзе ацёку твару і дыхальных шляхоў, боль у сэрцы, нечаканае змяненне рухальнай актыўнасці: парушэнне маўлення, аняменне рукі і інш. Экстранныя і выклікі да дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў з прычыны высокай тэмпературы, сыпу, апёкаў любой плошчы і глыбіні.
Калі стан чалавека не пагражае яго жыццю, выклік лічыцца неадкладным. З гэтай катэгорыі галаўны і зубны боль, болі ў жываце, спіне, грудзях, канечнасцях, значнае павышэнне артэрыяльнага ціску, арытмія, галавакружэнне, крывацёк, харчовае атручэнне, высокая тэмпература ў дарослых і дзяцей старэйшых за 3 гады, якая не збіваецца з дапамогай гарачкапаніжальных прэпаратаў.
У першую чаргу абслугоўваюцца экстранныя выклікі, потым — неадкладныя. У гадзіны работы амбулаторна-паліклінічных устаноў апошнія могуць быць перанакіраваны туды.
Хачу завастрыць увагу на тым, што часта людзі выклікаюць «хуткую» замест таго, каб звярнуцца да ўрача ў бальніцы. Але мы не назначаем лячэнне і не карэкціруем ужо назначанае спецыялістам. Мы толькі часова здымаем сімптом, які, як правіла, з’яўляецца праяўленнем хваробы. Некаторыя грамадзяне наогул могуць абысціся без нашай дапамогі, напрыклад, прыняўшы таблетку ад крыху павышанага ціску ці тэмпературы. Пры гэтым ні адны, ні другія не задумваюцца, у якую суму абыходзіцца дзяржаве кожны выезд «хуткай». А таксама пра тое, што ў гэты ж час дапамогі можа чакаць той, каму яна сапраўды патрэбная.
Алена Шапавалава

