В Поставском районе проходит декада по противодействию киберпреступности и профилактике киберпреступлений

Безопасность

З 5 па 15 лютага ў раёне праходзіць дэкада па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці, прафілактыцы здзяйснення злачынстваў з выкарыстаннем камп’ютарнай тэхнікі, павышэнні лічбавай адукаванасці насельніцтва.

У межах дэкады ў Пастаўскім  дзяржаўным каледжы ладзілася дыялогавая пляцоўка «Бяспечныя паводзіны ў сетцы Інтэрнэт». З навучэнцамі сустрэліся памочнік пракурора раёна Тамара Зубко, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Марына Нагановіч, начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Дзмітрый Юргялевіч.

У мінулым годзе на тэрыторыі нашага раёна зарэгістравана 48 кіберзлачынстваў (у 2023-м — 28). Іх удзельная вага ад агульнай колькасці злачынстваў — 24,6%. Гэта сведчыць пра тое, што кожнае чацвёртае здзейснена ў сферы высокіх тэхналогій. Асноўнымі месенджарамі і сацсеткамі, якія зламыснікі выкарыстоўваюць пры махлярскім завалодванні грашовымі сродкамі, з’яўляюцца Telegram, Viber, Whatsapp, Instagram і TikTok. І яны вынаходзяць усё новыя формы і спосабы гэтага. Два інтэрнэт-злачынствы здзейснілі летась непаўналетнія і на тэрыторыі нашага раёна: адзін разлічыўся ў камп’ютарнай гульні чужой банкаўскай карткай, другі, які пражывае ў Мінску, змяшчаў на пляцоўцы «Куфар» аб’явы аб продажы аўтамабіляў, якіх не меў, і атрымліваў аванс ад жыхароў нашага раёна.

В Поставском районе проходит декада по противодействию киберпреступности и профилактике киберпреступлений

Лепш не ўступаць у размову

У кожнага маладога чалавека сёння ёсць гаджэты і доступ у інтэрнэт, а значыць, існуе і небяспека падвергнуцца дзеянням інтэрнэт-махляроў. А яны дзейнічаюць настолькі пераканаўча, што на кручок можа трапіць кожны.

— Ні ў якім выпадку не ўступайце ў размову з невядомым вам абанентам, не паведамляйце свае персанальныя даныя, не давайце той код, які прыходзіць вам для пацвярджэння, — папярэджвала Марына Нагановіч навучэнцаў каледжа. — Калі ж неабачліва зрабілі гэта, трэба неадкладна заблакіраваць свой тэлефон і банкаўскую картку, прывязаную да яго, заявіць пра здарэнне ў міліцыю. Варта памятаць: ніхто і ні з якой арганізацыі не мае права запрошваць па тэлефоне персанальныя даныя чалавека.

Тамара Зубко працягнула тэму: «Калі вам тэлефануюць на мабільны і прадстаўляюцца супрацоўнікамі праваахоўных органаў, не верце і не ўступайце з імі ў размову. Праваахоўнікі не звязваюцца з грамадзянамі праз месенджары. А махляры могуць запісаць ваш голас, пасля з дапамогай штучнага інтэлекту згенерыраваць яго і выкарыстаць са злачыннай мэтай».

За лёгкія грошы – цяжкая расплата

Дзмітрый Юргялевіч засцерагаў юнакоў і дзяўчат ад таго, каб яны не толькі не сталі ахвярамі інтэрнэт-махлярства, але і самі не ступілі на злачынны шлях. А такія факты ёсць. Навучэнка аднаго з полацкіх каледжаў аформіла на сябе банкаўскую картку і аддала яе ў карыстанне іншай асобе. За паслугу атрымала 20 рублёў. Пахвалілася «заробкам» сяброўцы. Тая таксама спакусілася на лёгкія грошы і зрабіла тое ж. Дзяўчаты не задумаліся над тым, што іх карткамі скарыстаюцца махляры, на іх ад ашуканых людзей паступяць грошы, здабытыя злачынным шляхам. Супраць абедзвюх узбуджаны крымінальныя справы.

Яшчэ адна надзённая тэма — набыццё тавараў, аб’явы аб продажы якіх размяшчаюцца ў розных групах у сацыяльных сетках. Тут таксама можна пацярпець ад зламыснікаў. Вось і нядаўна адзін малады пастаўчанін замест абяцанага айфона, за які пералічыў грошы, атрымаў пачак хлябцоў. Ілжэпрадавец выяўлены і панясе пакаранне. Таму рабіць такія пакупкі трэба толькі накладным плацяжом. Атрымалі рэч — заплацілі! Прычым яе можна паглядзець, калі не такая, як вам патрэбна, — адмовіцца.

Пабулілі – і забыліся?

Размова на дыялогавай пляцоўцы пайшла далей за кібермахлярства. І на гэта была важкая прычына. Памочнік пракурора Тамара Зубко расказала, што ў мінулым месяцы ў адным з раёнаў адбылася трагедыя: сямікласніца скончыла жыццё самагубствам — лягла пад колы цягніка. Перад гэтым запісала відэа, што на такі адчайны крок рашылася з-за булінгу, якому яе падвяргаў у інтэрнэце знаёмы хлопец.

Супраць вінаватага ўзбуджана крымінальная справа па артыкуле «Давядзенне іншай асобы да самагубства», і яму давядзецца адказваць па ўсёй строгасці закону. Але жыццё дзяўчынкі не вернеш, і гора яе родных бязмежнае.

На вялікі жаль, факты булінгу здараюцца сярод дзяцей і падлеткаў, хаця недапушчальна зневажаць каго-небудзь дзеяннем ці словам, у тым ліку праз перапіску ў інтэрнэце. Некаторыя думаюць: «Патролю і забудуся, а перапіску ў сацыяльных сетках сатру». І глыбока памыляюцца, таму што яна назаўсёды застаецца ў воблаку, і аператыўнікі пры патрэбе ўстановяць яе і прыцягнуць да адказнасці булера.

Нельга сказаць, што навучэнцы каледжа актыўнічалі на дыялогавай пляцоўцы, але выступоўцаў слухалі ўважліва, некаторыя выказвалі свой пункт гледжання на агучаныя праблемы. Значыць, карысць ад мерапрыемства павінна быць.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.