Открытый районный конкурс юных пианистов «Весенние нотки» расширил свою географию

Культура

Ужо каторы год у пачатку вясны раённы Дом культуры на дзень ператвараецца ў храм класічнай музыкі: пад яго дахам гучаць творы вядомых і не вельмі знаёмых шырокай публіцы кампазітараў. Іх выконваюць удзельнікі адкрытага раённага конкурсу юных піяністаў «Вясеннія ноткі», які праводзіць Пастаўская дзіцячая школа мастацтваў імя А. Тызенгаўза. Так было і ў мінулы чацвер, 20 сакавіка.

Раз за разам «Вясеннія ноткі» набіраюць усё большую папулярнасць і пашыраюць сваю геаграфію. Калі спачатку ў іх удзельнічалі пераважна юныя музыканты з нашага і суседніх з ім раёнаў, то сёлета на сёмае па ліку творчае спаборніцтва прыехалі навучэнцы школ мастацтваў не толькі з Глыбокага, Шаркаўшчыны, Докшыц, Браслава, Міёр і Ушач, але і з Полацка, Наваполацка і нават Віцебска. Пры гэтым палову ад усіх канкурсантаў — а іх было роўна 40 — складалі прадстаўнікі Пастаўскай і Варапаеўскай ДШМ.

Открытый районный конкурс юных пианистов «Весенние нотки» расширил свою географию

Як заўсёды, найбольш ­удзельнікаў аказалася ў малодшай узроставай катэгорыі, якую па традыцыі раздзялілі на дзве групы — «А» і «Б». Традыцыйным было і тое, што канкурсанты выконвалі тры музычныя творы: паліфанічны і дзве рознахарактарныя п’есы або п’есу і эцюд. Ацэньвалі іх выкладчыкі па класе фартэпіяна Наваполацкага дзяржаўнага музычнага каледжа.

Старшыня журы Вольга Яраш, вітаючы перад пачаткам творчага спаборніцтва канкурсантаў і іх педагогаў, адзначыла: белы раяль, на якім іграюць удзельнікі, асабіста ёй нагадвае ветразь у бязмежным моры фартэпіяннай музыкі. Педагог пажадала дзецям натхнення, удачы і паказаць усё, на што яны здольныя як выканаўцы. І тыя пастараліся максімальна праявіць сябе. Калі пасля заканчэння конкурсу я папрасіла Вольгу Станіславаўну, якая ўжо не першы год прыяз­джае на «Вясеннія ноткі», даць ацэнку ўбачанаму і пачутаму, яна адзначыла ўзрослы выканальніцкі ўзровень дзяцей.

Открытый районный конкурс юных пианистов «Весенние нотки» расширил свою географию

— У многіх мне спадабаліся вельмі культурныя адносіны да гуку, фразіроўкі, — гаварыла суразмоўца. — Многія правільна выбудоўвалі фразы, кульмінацыі, рабілі правільнае заканчэнне. Нават у маленькіх дзяцей гэта было выразна чуваць. Каласальная работа выкладчыкаў!

Свае словы старшыня журы падмацавала дыпломамі, якія ўручыла ўсім канкурсантам. Адны юныя піяністы сталі дыпламантамі «Вясенніх нотак», іншыя — лаўрэатамі. У лік апошніх трапіла шмат прадстаўнікоў нашага раёна. Што да Гран-пры, то на гэты раз іх прысудзілі два. У сярэдняй узроставай катэгорыі ўладальніцай статуэткі з эмблемай конкурсу, грашовага прыза і падарункаў ад спонсараў — цэнтра друку і капіравання ТАА «Митаро» і ААТ «Пастаўскі малочны завод» — стала навучэнка 6 класа Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза Варвара Базелева. У старэйшай катэгорыі Гран-пры і дадатак да яго дасталіся навучэнцы Полацкай ДШМ Анастасіі Шаршнёвай. Не засталіся без падарункаў і астатнія ўдзельнікі конкурсу. Ну а педагогі, якія падрыхтавалі дзяцей, атрымалі Падзякі аргкамітэта.

Открытый районный конкурс юных пианистов «Весенние нотки» расширил свою географию

Пасля цырымоніі ўзнагаро­джання, павіншаваўшы Варвару і яе педагога Наталлю Пылеву з перамогай, я пацікавілася ў іх, ці разлічвалі на такі вынік.

— Спадзяванні, што Вара атрымае Гран-пры, былі. Яна хацела гэтага і старанна рыхтавалася на працягу года: зай­малася ў тым ліку дома на летніх канікулах, — адказала Наталля Станіславаўна. — Дзяўчынка надзвычай працавітая і вельмі любіць музыку. Удзельнічае ў многіх конкурсах. Так, нядаўна мы з ёй вярнуліся з І Абласнога конкурсу піяністаў, які праходзіў у Віцебску. Там Варвара стала лаўрэатам ІІІ ступені — адзіная з прадстаўнікоў сельскіх раёнаў увайшла ў лік прызёраў. Ужо трэці раз прымае ўдзел у «Вясенніх нотках». Была лаўрэатам другой, затым першай ступені. І вось заваявала галоўны прыз. Вельмі рады гэтаму!

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.