Моцны боль або дыскамфорт у грудзях: сцісканне, пякота — такія скаргі дыспетчары хуткай дапамогі чуюць штодня ад тых, хто тэлефануе ў службу «103». Як правіла, яны сведчаць пра востры каранарны сіндром, які ўключае ў сябе шэраг станаў, звязаных з раптоўным змяншэннем прытоку крыві да сэрца. З-за недастатковай падачы кіслароду і пажыўных рэчываў клеткі сардэчнай мышцы гінуць, што прыводзіць да сардэчнага прыступу — інфаркту міякарда.
— Востры каранарны сіндром заўсёды пачынаецца раптоўна, — расказвае старшы фельчар аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі «Паставы» Павел Азараў. — Болевыя адчуванні знаходзяцца на адным узроўні і не залежаць ад дыхання і рухаў чалавека. Гэтым ВКС адрозніваецца ад міжрэбернай неўралгіі, з якой яго часта блытаюць. Людзі рознага ўзросту па-рознаму адчуваюць выражанасць болю: чым маладзейшы чалавек, тым ён вастрэйшы. Боль у грудзях можа аддаваць у левую руку, плячо, шыю, сківіцу, пад лапатку, рэбры, у верхнюю частку жывата. У такіх выпадках неабходна неадкладна звярнуцца да ўрача або выклікаць хуткую дапамогу.
Нярэдка ВКС праяўляецца без болю ў грудзях або дыскамфорту, што характэрна ў асноўным для пажылых і людзей з цукровым дыябетам. Чалавек адчувае слабасць, млоснасць, пакрываецца халодным потам, у яго пачынаецца задышка, з’яўляецца страх смерці. Могуць быць галавакружэнне, незвычайная стомленасць, ірвота. І ўсе гэтыя станы ўзнікаюць раптоўна.
— Калі пачаўся сардэчны прыступ, трэба легчы з прыўзнятым падгалоўем, расшпіліць каўнер кашулі і адчыніць акно, забяспечыўшы прыток свежага паветра ў памяшканне, — працягвае Павел Азараў. — Разжаваць таблетку аспірыну (ён разрэджвае кроў) і пакласці пад язык адну таблетку нітрагліцэрыну ці выкарыстаць спрэй на яго аснове. Калі боль не сціх, праз 5-7 хвілін паўторна прыняць нітрагліцэрын. Але прымаць яго ні ў якім выпадку нельга седзячы або стоячы, бо прэпарат можа рэзка знізіць ціск і чалавек страціць прытомнасць.
Прафілактыка вострага каранарнага сіндрому заключаецца ў штогадовым праходжанні дыспансерызацыі, што асабліва важна рабіць людзям, старэйшым за 40 гадоў. Таксама неабходна падтрымліваць дастатковую рухальную актыўнасць з умеранымі фізічнымі нагрузкамі, старацца пазбавіцца ад лішняй вагі, ужываць у ежу менш жывёльнага тлушчу і солі, адмовіцца ад цыгарэт і алкаголю. Кантраляваць свой артэрыяльны ціск, падтрымліваючы яго на адным узроўні, бо скачкі ціску дрэнна ўплываюць на сасуды. Сачыць за ўзроўнем халестэрыну і цукру ў крыві, якія з’яўляюцца прычынамі змяненняў у сасудах. І, канешне ж, рэгулярна прымаць назначаныя ўрачом прэпараты.
Падрыхтавала Алена Шапавалава

