Райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу падвёў вынікі работы жывёлаводаў раёна за зімова-стойлавы перыяд.
— Умовы раённага спаборніцтва былі распрацаваны для аператараў машыннага даення не сучасных комплексаў, а звычайных ферм, — расказваў прафсаюзны лідар аграрыяў Васілій Катовіч. — Гаспадаркі падзялілі на дзве групы. Аналізавалі работу за лістапад—сакавік. Пераможцаў вызначалі сумесна з прафкамітэтамі сельгаспрадпрыемстваў.
На мінулым тыдні Васілій Катовіч і першы намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Эдуард Януковіч ўручылі пераможцам дыпломы і грашовыя прэміі.
Практычна ўсе аператары, да якіх завіталі, знаёмыя, бо і ў мінулыя гады яны дабіваліся найвышэйшых надояў у сваіх групах.
На ферме ў Целяках ААТ «Хацілы-агра» нязменным лідарам з’яўляецца Вераніка Валодзька. Будынак фермы стары, адпаведныя і ўмовы работы. Але дзякуючы старанню Вераніка Іванаўна ў зімова-стойлавы перыяд надаіла ад кожнай замацаванай за ёй каровы ў сярэднім 2 338 кілаграмаў малака. Прыбаўка да ўзроўню мінулага года — 241 кг.
— Старанне стараннем, а галоўнае — якасныя сілас і сянаж, камбікорм, збалансаваны рацыён кармлення, — гаварыла аператар. — Ферма старая. Таму чакаем, калі ў гаспадарцы пабудуюць яшчэ адну сучасную.
Аператарамі машыннага даення на сельгаспрадпрыемствах працуюць у асноўным жанчыны. Мужчына-даяр — рэдкасць. А вось у ААТ «Кураполле-агра» такі ёсць, і на яго раўняюцца іншыя. Міхаіл Ігнацьеў летась набраў групу першацёлак, пасля ацёлу раздаіў іх. Сёлета яны прынеслі прыплод па другім разе, і кожная ў стойлавы перыяд дала ў сярэднім 2 106 кілаграмаў малака, што на 206 кг больш, чым на такі час летась.
Надзея Карнілава з ААТ «Навасёлкі-Лучай» працавала на фермах у Лучаі, Старым Двары. Сярэдні надой у яе групе — 1 887 кілаграмаў, плюс склаў 520 кг. У канцы сакавіка Надзеі прапанавалі перайсці на новую ферму ў Пагарцах. Яна згадзілася.
— Як добра, што ўзводзяцца такія фермы з выдатнымі ўмовамі для ўтрымання жывёлы, сучаснымі заламі для даення! — дзялілася жанчына. — Працаваць на іх намнога лягчэй. Аператары займаюцца толькі даеннем. Работа падабаецца. Спадзяюся, што ўсё ў мяне і тут атрымаецца.
У другой групе гаспадарак лідарства, як і ў мінулыя гады, заваявала Ірына Зізілева з манькавіцкай фермы ААТ «Сцяг Перамогі-агра» (сярэдні надой у групе — 2 391 кілаграм). На 2-м месцы Наталля Жойдзь з МТК «Ляхаўшчына» СП «Дунілавічы-агра» (2 318 кг, плюс 488), на 3-м — Любоў Андрэйкавец з Ярэва (1 643 кг, плюс 159 кг).
— Зімоўка жывёлы прайшла паспяхова, — гаварыў Эдуард Януковіч. — У гэтыя дні сярэдні надой ад каровы складае па раёне 16,5 кілаграма. Маем прыбаўку да адпаведнага перыяду мінулага года. Вядома, найвышэйшых надояў дабіваюцца на сучасных фермах: на комплексах у Хацілах — 30,5 кг, Пагарцах — 26, Коўзанах — 25, Кураполлі — 23,5. Раўняцца ёсць на каго.
Анна Анішкевіч





