Новой технике Поставского льнозавода нужны квалифицированные кадры для работы на ней

Важное Сельское хозяйство

Новай тэхніцы патрэбны гаспадары

Калі заходзіш на тэрыторыю Пастаўскага льнозавода, у вочы кідаюцца 6 новенькіх трактароў «Беларус-82», якія выстраіліся ў лінейку, як на парадзе. На прадпрыемства яны паступілі нядаўна. Ільнозавадчане атрымалі таксама 2 новыя прычэпы, апырсквальнік, МАЗ і «Амкадор». У найбліжэйшы час паступяць яшчэ «Амкадор», МАЗ, мікрааўтобус, агрэгат для ўнясення мінеральных удабрэнняў, сеялка. Тэхніка, згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб фінансаванні закупкі сучаснай тэхнікі і абсталявання», набыта з дзяржаўнай падтрымкай у лізінг. Субсідыі на пагашэнне часткі лізінгавых плацяжоў выдаюцца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту.

— Мы добра разумеем, што для таго, каб атрымліваць якасную сыравіну, патрэбна сучаснае абсталяванне, — гаварыла дырэктар ільнозавода Алёна Юрынёнак. — У тым ліку і новая тэхніка, што дазволіць пры вырошчванні паўночнага шоўку прымяняць перадавыя тэхналогіі і аграпрыёмы.

Пастаўскі льнозавод сёлета вырасціў і нарыхтаваў 5 600 тон трасты. Гэта вынік дружнай работы калектыву. Шчыра папрацавалі механізатары на апрацоўцы глебы, сяўбе, хімпраполцы, церабленні льну, уборцы трасты. На «Дажынках-2022», што нядаўна адбыліся ў раёне, Падзякі старшыні райвыканкама атрымалі Андрэй Маісееў, Аляксандр  Аліноўскі і Канстанцін Шэршань. Усе трое вызначыліся на ўборцы льну. Самы вопытны з іх — Аляксандр Аліноўскі. На прадпрыемстве працуе больш за 10 гадоў. Па выніках работы за 2020 год ён удастоены ганаровага звання «Чалавек года Пастаўшчыны», вызначаецца руплівасцю і на сяўбе, і на ўборцы льну. Сёлета выцерабіў даўгунец на 255 гектарах, запрасаваў 425 тон трасты. Андрэй Маісееў на Пастаўскі льнозавод уладкаваўся разам з бацькам Алегам у мінулым годзе. За кароткі тэрмін абодва зарэкамендавалі сябе з найлепшага боку.

Механізатары Канстанцін Шэршань, Аляксандр Аліноўскі і Андрэй Маісееў на свяце «Дажынкі-2022»

— На свяце былі адзначаны толькі тры механізатары, — гаварыла дырэктар прадпрыемства Алёна Юрынёнак. — Але слоў пахвалы заслугоўваюцьі шмат іншых. Суперпрафесіяналамі сваёй справы можна назваць Сяргея Студзянкова, Дзмітрыя Скурацёнка, Ігара Аношку, Івана Загурскага. Кожны з іх вызначаецца на любой рабоце, якую даводзіцца выконваць. Іван Загурскі, напрыклад, гэтай восенню ўнёс гліфасаты на плошчы 1 700 гектараў пад ураджай наступнага года. Стараюцца браты Віктар і Сяргей Ганчары. Дзякуючы нашым механізатарам, агранамічнай службе, а таксама падтрымцы райвыканкама і аблвыканкама, якія выдзелілі фінансы на набыццё пасяўнога матэрыялу, мінеральных удабрэнняў, нам удалося вырасціць добры лён, нарыхтаваць у дастатковай колькасці трасты, што дазволіць прадпрыемству працаваць стабільна.

А паколькі машынна-трактарны парк прадпрыемства папоўніўся новай тэхнікай, патрэбны кваліфікаваныя кадры для работы на ёй. Таму ўсіх, хто любіць тэхніку і беражліва да яе адносіцца, чакаюць на льнозаводзе. Часам даводзіцца чуць розныя меркаванні пра гэта прадпрыемства. Скажу адно: хто хоча — той і тут працуе не па адным дзясятку гадоў, хто стараецца — той і зарплату атрымлівае годную. Прыклад — вышэйпералічаныя механізатары.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.