С конца февраля в РОВД проходят преддипломную практику курсанты Маргарита Петухова и Егор Гресько

Общество

З канца лютага ў аддзеле аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС праходзяць пераддыпломную практыку курсанты Магілёўскага інстытута МУС і Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь Маргарыта Петухова і Ягор Грэська. Пад кіраўніцтвам свайго настаўніка — старшага ўчастковага інспектара міліцыі Уладзіміра Ахрановіча — яны вучацца правільна запаўняць розныя працэсуальныя дакументы, працаваць на месцы здарэння, весці прыём грамадзян на адміністрацыйным участку і адпрацоўваць жылы сектар.

Маргарыта — выпускніца пастаўскай СШ №1. Ягор скончыў 3-ю гарадскую школу. Абое з дзяцінства марылі служыць у органах унутраных спраў. Рыту захапляла дэтэктыўная рамантыка: яна глядзела ўсе фільмы і серыялы пра міліцыю і ўяўляла сябе ў форме на месцы галоўных герояў. Таму пасля школы, не раздумваючы, падала дакументы ў Магілёўскі інстытут МУС на спецыяльнасць «Прававое забеспячэнне грамадскай бяспекі». Для Ягора прыкладам для пераймання быў і застаецца баць­ка Андрэй Грэська, які раней працаваў участковым інспектарам, а зараз узначальвае ў РАУС аддзяленне крымінальнага вышуку. Вырашыўшы пайсці па яго слядах, хлопец паступіў у Акадэмію МУС і выбраў адміністрацыйна-прававую дзейнасць, маючы намер стаць участковым.

— Ва ўчастковага інспектара вельмі адказная работа, шмат абавязкаў і шырокі спектр задач, якія даводзіцца вырашаць. Гэта ўніверсальны спецыяліст, ён можа працаваць усюды і за ўсіх, — так абгрунтаваў мне свой выбар.

С конца февраля в РОВД проходят преддипломную практику курсанты Маргарита Петухова и Егор Гресько

Безумоўна, вучыцца ў сілавых ВНУ нялёгка. Чаго варты толькі курс маладога байца! Няпроста прывыкаць і да жыцця ў казарме, строгага распарадку дня. Разам з тым ёсць і нямала плюсаў.

— Самы вялікі ў тым, што мы знаходзімся на поўным дзяржаўным забеспячэнні: накормленыя, адзетыя, маем дах над галавой і добрыя бытавыя ўмовы, — гаварылі курсанты. — Акрамя таго, у нас высокая ў параўнанні са студэнтамі цывільных ВНУ стыпендыя. Дзякуючы гэтаму ўжо ў юным узросце мы можам фінансава не залежаць ад бацькоў.

Па словах маладых людзей, у іх навучальных установах створаны ўсе ўмовы не толькі для добрага авалодання прафесіяй, але і для заняткаў спортам, навуковай дзейнасцю, творчага развіцця. Маюцца добрыя бібліятэкі і камп’ютарныя залы для знаёмства з ІТ-тэхналогіямі, працу­юць разнастайныя спартыўныя секцыі і аб’яднанні па інтарэсах.

— У Паставах я скончыла харэаграфічнае аддзяленне дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза, — расказвала Маргарыта. — Працягваю займацца танцамі і ў інстытуце. Два гады запар ­удзельнічала ў конкурсе «Міс інстытута». Хлопцы аддаюць перавагу спорту. Сярод маіх аднакурснікаў некалькі чалавек ужо атрымалі званне майстра спорту.

За час вучобы ў акадэміі і інстытуце Ягор і Маргарыта не раз былі на практыцы ў аддзелах унутраных спраў у Мінску, Магілёве і Паставах. Гэта практыка ў іх апошняя і самая працяглая — закончыцца ў апошніх чыслах мая. Нягледзячы на тое, што наперадзе яшчэ два месяцы знаёмства са спецыфікай работы ў міліцыі, маладыя людзі ўжо многае паспелі. Ягор навучыўся працаваць з працэсуальнымі дакументамі, Маргарыта — устанаўліваць кантакт з насельніцтвам. Разам яны пабывалі на прафарыентацыйных сустрэчах амаль ва ўсіх сярэдніх школах раёна. На іх расказалі будучым выпускнікам пра свае навучальныя ўстановы, зрабіўшы цікавыя прэзентацыі, падзяліліся ўласным вопытам паступлення і курсанцкага жыцця.

— З першых дзён практыкі абое добра сябе зарэкамендавалі, — характарызаваў сваіх падапечных Уладзімір Ахрановіч. — Дысцыплінаваныя, праяўляюць інтарэс да спецыфікі работы, асабістую ініцыятыву: просяцца падзяжурыць разам са мной, выехаць на месца здарэння.

Без пяці хвілін лейтэнанты маюць цвёрды намер вярнуцца ў Пастаўскі РАУС пасля атрымання дыпломаў. Іх не палохаюць цяжкасці міліцэйскай службы, перапаўняе жаданне дапамагаць людзям, стаяць на варце законнасці і правапарадку.

Р.S.Калі вы, як і героі гэтага артыкула, жадаеце звязаць сваё жыццё са службай у органах унутраных спраў, звяртайцеся да 15 красавіка ў РАУС па адрасе: г. Паставы, вул. Савецкая, 43. Кантактныя тэлефоны: 3-12-99, +375-29-595-97-34.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.