У мінулы чацвер у Пастаўскім дзяржаўным каледжы прымалі гасцей з Відзаўскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа, што на Браслаўшчыне. Адтуль прыехалі 11 навучэнцаў у суправаджэнні педагога, каб прыняць удзел у міжраённых спаборніцтвах «Я ў армію пайшоў бы, няхай мяне навучаць».
Названае спаборніцтва па падрыхтоўцы юнакоў дапрызыўнага ўзросту да тэрміновай ваеннай службы праводзіцца на Пастаўшчыне ўжо шмат гадоў. Раней яно ладзілася для старшакласнікаў раёна. А ў апошні час арганізатары, сярод якіх райкам БРСМ, камісія па справах непаўналетніх і аддзел унутраных спраў райвыканкама, пачалі запрашаць памерацца сілай і спрытам з навучэнцамі нашага каледжа іх равеснікаў з Відзаў. У склад каманд уключаюць 15-17-гадовых падлеткаў, якія знаходзяцца на розных відах уліку, з’яўляюцца байцамі маладзёжных атрадаў аховы правапарадку.
Конкурсы для ўдзельнікаў застаюцца нязменнымі. Гэта прывітанне каманд, размінка і шэраг эстафет, якія праводзяць раённыя аддзелы ўнутраных спраў і па надзвычайных сітуацыях, ваеннаслужачыя пагранзаставы «Паставы» і 1-га радыётэхнічнага цэнтра, спецыялісты ФАКа. Пры ўсёй традыцыйнасці спартыўных выпрабаванняў напал эмоцый і дух саперніцтва кожны раз максімальныя.
Не сталі выключэннем і сёлетнія спаборніцтвы. Трэба было бачыць, як стараліся хлопцы як мага хутчэй апрануць баявое адзенне пажарнага, бронекамізэльку і каску супрацоўніка органаў унутраных спраў, процівагаз і касцюм хімабароны вайскоўца і ў «абмундзіраванні» прабегчы-прапаўзці вызначаную дыстанцыю, як балелі за кожнага астатнія члены каманд. Не менш відовішчным атрымаўся і сілавы конкурс. Ён складаўся з жыму 16-кілаграмовай гіры, падцягвання на перакладзіне і пад’ёму над ёй сілай.
У сілавых відах перамаглі госці. А вось агульнакамандную перамогу святкавалі пастаўчане, якія былі хутчэйшымі ў эстафетах. Лідары ў індывідуальных спаборніцтвах разам з дыпломамі атрымалі флэшкі і шакаладкі ад райкама БРСМ, каманда-пераможца — футбольны мяч. Таксама ўсім удзельнікам уручылі навушнікі і невялікія салодкія падарункі, што яшчэ больш падняло і без таго добры настрой хлопцаў.
Алена Шапавалава




