З кожным годам усё менш застаецца людзей, якія былі ўдзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны, сведкамі баявых дзеянняў, на чыю долю выпала ваеннае ліхалецце, хто прайшоў праз жахі канцэнтрацыйных лагераў.
— Былыя вязні фашызму — асаблівая катэгорыя грамадзян. У знак павагі да іх дзяржава аказвае ім сацыяльную падтрымку, — расказвала загадчыца аддзялення пярвічнага прыёму, інфармацыі, аналізу і прагназавання ТЦСАН Таццяна Лемянкова. — На Пастаўшчыне пражываюць 27 вязняў. У кожнага свой лёс, свае ўспаміны пра тыя страшныя дні, калі кожная хвіліна, кожны крок маглі стаць апошнімі. Амаль усе яны тады былі дзецьмі ці падлеткамі, выжылі ў рабскім пекле і ўжо размянялі дзявяты дзясятак гадоў. Многія ў старасці пакінулі ўласнае жыллё і перабраліся да дзяцей, некалькі чалавек карыстаюцца паслугамі сацыяльнага работніка. Кожны год спецыялісты ТЦСАН разам з прадстаўнікамі мясцовай улады наведваюць такіх грамадзян, абследуюць умовы іх пражывання, аказваюць сацыяльна-бытавую дапамогу.
11 красавіка, у Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў, пайшла з жыцця Галіна Голубева. Ёй было амаль 98 гадоў. На долю гэтай жанчыны выпала шмат цяжкіх выпрабаванняў: маладосць апаліла вайна, у сталым веку страціла двух маладых сыноў, мужа, унука. Апошнія гады жыла ў лынтупскім аддзяленні кругласутачнага знаходжання ТЦСАН.
Большасць былых вязняў не маюць здароўя, у асноўным знаходзяцца дома. А пастаўчане Валянціна Бабушкіна, Леанарда Масцяніца, Зоя Бозрыкава, Рыгор Леснікаў, Аляксандр Жук адчуваюць сябе яшчэ досыць бадзёра. Некаторыя з задавальненнем прыходзяць на розныя мерапрыемствы, што ладзяцца ў райцэнтры.
У нашай краіне былыя вязні маюць пэўныя пенсійныя гарантыі і надбаўкі да асноўнай пенсіі.
Так, час знаходжання ў фашысцкіх канцлагерах (гета і іншых месцах прымусовага ўтрымання) улічаны ў двайным памеры ў стаж пры назначэнні пенсіі. Для былых вязняў устаноўлена штомесячнае павышэнне памеру пенсіі на 100% мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце (у красавіку 2025 года — 112 рублёў). З улікам узроставых надбавак для асоб старэйшых за 80 гадоў штомесячнае павышэнне да пенсіі складае больш за 280 рублёў. Напярэдадні Дня Перамогі штогод выплачваецца аднаразовая матэрыяльная дапамога. Сёлета яна склала 1 500 рублёў, што ў 1,5 раза больш, чым летась.
З 1 мая набыў моц абноўлены Закон аб ветэранах. Ён накіраваны на ўзмацненне сацыяльных гарантый ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, былым вязням фашызму. Згодна з дакументам, грамадзяне гэтай катэгорыі маюць права на бясплатнае забеспячэнне лякарствамі, тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі, санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне, выраб і рамонт зубных пратэзаў. Яны могуць без чаргі трапіць на прыём да ўрача і без чаргі быць шпіталізаваныя для аказання планавай медыцынскай дапамогі. Ёсць і іншыя льготы.
Таццяна Лемянкова
У Беларусі асаблівае стаўленне да гісторыі і яе сведкаў. У нас людзі гэтай катэгорыі знаходзяцца пад апекай дзяржавы, якая гарантуе ім адпаведныя льготы, клопат і павагу.
Анна Анішкевіч




