Час ідзе хутка, і сёлета мы заканчваем школу. Кожны з нас, выпускнікоў, апынуўся перад выбарам свайго далейшага шляху.
Але нам хацелася б узгадаць адну са старонак школьнага жыцця —расказаць пра школьны музей баявой і працоўнай славы, дзе мы разам з іншымі вучнямі з’яўляемся экскурсаводамі.
Кіруе нашым музеем Рэгіна Норбертаўна Ластоўская. Гэта цікавы суразмоўца, працавіты, шчыры і паважаны чалавек, наша любімая настаўніца.
На працягу вучобы мы сваім класам часта бывалі ў музеі і шмат даведаліся пра дзяцей вайны, воінаў-інтэрнацыяналістаў, партызанку Надзею Асяненку, імя якой носіць наша школа, акупацыйны рэжыме ў гады вайны, ветэранаў-землякоў… Адна з апошніх экскурсій была прысвечана 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Экскурсаводы нашага музея Ульяна Хацяновіч, Анастасія Жук, Дзмітрый Тумашэвіч і Максім Лятко пазнаёмілі нас з героямі Пастаўшчыны, якія абаранялі родную зямлю ад ворага, расказалі пра вызваленне горада Паставы і могіх іншых беларускіх гарадоў. Хоць Вялікая Айчынная скончылася 80 гадоў назад, мы не павінны забываць пра тых, хто цаной свайго жыцця заваяваў для нас Перамогу.
Шчырую ўдзячнасць ад нашага 11 класа выказваем Рэгіне Норбертаўне за патрыятычнае выхаванне моладзі, вялікую работу, якую яна праводзіць па захаванні памяці пра Вялікую Айчынную вайну і яе герояў. Пакуль мы будзем ушаноўваць памяць пра пераможцаў, мы будзем жыць мірна.
Рэгіне Норбертаўне і новаму пакаленню экскурсаводаў шчыра жадаем моцнага здароўя, плённай працы і цікавых экскурсій.
Вучаніцы 11 класа СШ №2 імя Н. М. Асяненкі, экскурсаводы музея Карына Коршунава і Анастасія Пяткевіч

