Ні для кога не сакрэт, што рабочых рук у сельскай гаспадарцы не хапае. Асабліва адчувальна гэта падчас палявых работ. На дапамогу вяскоўцам прыходзяць механізатары, вадзіцелі з гарадскіх прадпрыемстваў і арганізацый. У мінулым годзе кіраўніцтва раёна звярнулася ў рэктарат Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта з просьбай прыслаць на перыяд пасяўной у ААТ «Камайскі-агра» студэнцкі тэхнічны атрад. У навучальнай установе пайшлі насустрач і такі атрад сфарміравалі. На працягу месяца пяць хлопцаў рамантавалі ў гаспадарцы тэхніку і працавалі на ёй. Дапамога была адчувальная. Двое студатрадаўцаў пажадалі папрацаваць тут і на жніве.
Сёлета памочнікаў з БДАТУ запрасілі зноў. Каманду сабраў студэнт 3-га курса Аляксей Калеснік, які ў «Камайскім» працаваў мінулай вясной і на ўборцы ўраджаю. Да яго далучыліся з паралельнай групы Арцём Калодзіч, Уладзімір Аўрамаў, Дзмітрый Карцель і другакурснік Антон Жывалкоўскі.
— Памочнікі — агонь! — сказаў пра хлопцаў кіраўнік сельгаспрадпрыемства Аляксандр Даніленка.
Пасля прыезду юнакам даверылі адрамантаваць МТЗ-82. На трэці дзень усё было гатова і нават пройдзены тэхагляд. За руль сеў Дзмітрый Карцель. Ён займаецца падборам камянёў з палёў, дзе будзе весціся сяўба. Аляксею Калесніку і Арцёму Калодзічу даручылі працаваць на самаходным апырсквальніку «Раса».
— Мне шанцуе асвойваць штосьці новае, — гаварыў Аляксей. — На мінулагоднім жніве далі камбайн і сказалі: «Убірай!» З Іванам Даніленкам разабраліся хутка, а намалаціць шмат не ўдалося: здарылася сур’ёзная паломка. Цяпер з Арцёмам селі на «Расу». Справа пайшла хутка. Працуем дзень праз дзень. Калі не ў полі, тады дапамагаем у майстэрнях.
Там і застала студатрадаўцаў. Толькі Дзмітрый Карцель на трактары з каменепадборшчыкам быў у полі.
Антон Жывалкоўскі скончыў другі курс. Прызнаўся, што гэта сесія была адной з найскладанейшых, але выніковай — сярэдні бал атрымаўся вышэйшы за 8. Хлопец дапамагае мясцовым механізатарам у рамонце тэхнікі.
Усе вучацца па мэтавых накіраваннях. Згодна з заключаным дагаворам Уладзімір Аўрамаў атрымлівае даплату да стыпендыі ў размеры 10 базавых велічынь, Аляксей — у размеры трох. Да гэтага яны скончылі тэхнічныя каледжы. Толькі Арцём Калодзіч паступіў у БДАТУ адразу пасля школы.
Жывуць студатрадаўцы ў Дварчанах. У мехмайстэрні ў Камаі прыязджаюць на Аляксеевым мікрааўтобусе. Абедамі забяспечвае гаспадарка. Сняданне і вячэру гатуюць самі. Цікаўлюся, каму даверылі ролю повара. Жартуюць, што ў любую страву кожны дабаўляе крыху сваёй любові. Ёсць яна ў кожнага і да тэхнікі. А практычны вопыт, які цяпер набываюць, будзе дарэчы пры самастойнай рабоце.
Дзмітрый Карцель, Уладзімір Аўрамаў у мінулыя гады працавалі на камбайнах у гаспадарках, дзе жывуць іх бацькі. За старанне ў рэктарат універсітэта з сельгаспрадпрыемстваў даслалі падзячныя пісьмы.
— Усе хлопцы талковыя, — гаварыў галоўны інжынер ААТ «Камайскі-агра» Юрый Козел. — Адчуваецца, што на вучобе час не марнавалі — у тэхніцы разбіраюцца. Ды і ніякай іншай работы не цураюцца.
Развітаўшыся з «Камайскім-агра», студатрадаўцы будуць адпачываць. А затым адправяцца на вытворчую практыку на тыя сельгаспрадпрыемствы, па накіраваннях якіх вучацца.
Анна Анішкевіч


