Почти 40 лет Раиса Ролич искренне служит людям и медицине

Здравоохранение

Налета будзе 40 гадоў, як Раіса Роліч апранула медыцынскі халат і паклялася быць вернай абранай прафесіі. З таго часу не адступае ад дадзенага слова, шчыра служыць людзям і медыцыне. Нездарма ўдастоена ганаровага звання «Чалавек года Пастаўшчыны-2024».

— Па адукацыі я акушэр, у 1986 годзе скончыла Полацкае медвучылішча, куды паступіла па конкурсе атэстатаў, — расказвала пра сябе Раіса Францаўна, калі аўтар гэтых радкоў прыехала да яе на работу ў Парыжскую бальніцу сястрынскага догляду. — Працоўную дзейнасць пачынала ў Варапаеўскай раённай бальніцы. Праз два гады пайшла ў дэкрэтны водпуск, а выйшла з яго ўжо ў Навадруцкую ўчастковую. Была працэдурнай медсястрой, медсястрой па фізіятэрапіі. У 1997 годзе назначылі на пасаду старшай медыцынскай сястры, а з 2022-га з’яўляюся загадчыцай аддзялення сястрынскага догляду. Так выйшла, што амаль пяць гадоў працую адна, без урача агульнай практыкі. У 2015 годзе атрымала вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю.

Але бальніца ў Парыжы не без увагі ўрачоў. Кожную сераду сюды прыязджае з Варапаева Таццяна Белякова, якая адкрывае бальнічныя лісты, выпісвае рэцэпты на лякарствы і праводзіць дыспансерызацыю насельніцтва. Раз на месяц — урач агульнай практыкі з Пастаў Яна Кумішча, паквартальна — вузкія спецыялісты з райцэнтра. Трэба сказаць, што раней гэта была звычайная ўчастковая бальніца на 20 ложкаў, дзе лячылі самыя розныя захворванні тэрапеўтычнага профілю: радыкуліты, бранхіты, хваробы сэрца і інш. З 1 ліпеня 2006 года, калі стала бальніцай сястрынскага догляду, профіль дзейнасці крыху змяніўся.

Почти 40 лет Раиса Ролич искренне служит людям и медицине

— Зараз у стацыянары знаходзяцца ў асноўным адзінокія састарэлыя, якія маюць групу інваліднасці і якіх няма каму даглядаць, — працягвала Раіса Роліч. — Ёсць і тыя, хто паступае толькі на зімні перыяд, а калі пацяплее, адпраўляецца дамоў. Занятыя ўсе 15 ложкаў. Большасць хворых — ляжачыя, ім патрэбны асаблівы догляд. Людзі капрызныя, пакрыў­джаныя на свой лёс і родных. Мы для іх — і медсёстры, і нянечкі, і дзеці ў адной асобе. Кожнага трэба выслухаць, сказаць яму добрае слова, даць лякарства, памыць, пераапрануць. Стараемся стварыць для пацыентаў дамашнюю абстаноўку, зра­біць так, каб яны не сумавалі. У кожнай палаце ёсць радыёкропка, у калідоры паставілі тэлевізар.

Калектыў бальніцы невялікі, усяго 17 чалавек. З іх 8 медработнікаў: загадчыца аддзялення, 3 медсястры, лабарант, зубны ўрач і 2 санітаркі, астатнія – гаспадарчы персанал.

Яны забяспечваюць не толькі догляд, але і лячэнне пацыентаў, якім штодзень вымяраюць артэрыяльны ціск, тэмпературу цела і сатурацыю, па назначэнні ўрача робяць уколы і кропельніцы, даюць таблеткі. Калі ўзнікае неабходнасць — накіроўваюць на кансультацыю ў цэнтральную раённую бальніцу. Расказваючы пра гэта, Раіса Францаўна адзначыла, наколькі лёгка працаваць з галоўным урачом ЦРБ Аляксандрам Сварцэвічам. Да яго можна звярнуцца па любым пытанні і ў любы час сутак, і ён ніколі не адмовіць, пастараецца дапамагчы.

Увогуле, падчас нашай сустрэчы загадчыца аддзялення больш гаварыла пра іншых, чым пра сябе. Заўважыла, што калектыў у іх вельмі зладжаны, дружны, усё робяць разам. Напрыклад, зараз сумесна добраўпарадкоўваюць тэрыторыю бальніцы. Шмат гадоў працуюць у цесным кантакце з сельскім Саветам і сацыяльнай службай. Перыядычна ў медустанову прыязджаюць з канцэртамі і падарункамі работнікі і наведвальнікі варапаеўскага аддзялення дзённага знаходжання для грама­дзян пажылога ўзросту і інвалідаў ТЦСАН. Заглядва­юць таксама клубныя работнікі і школьнікі, рэгулярна бывае загадчыца мясцовай бібліятэкі, якая прыносіць нямоглым старым кнігі і газеты. На Каляды і Вялік­дзень прыязджае настаяцель варапаеўскага храма айцец Георгій, і таксама не з пустымі рукамі.

Не трэба і гаварыць, што клопатаў у Раісы Францаўны хапае. Тым не менш яна знаходзіць час на тое, каб па просьбе дырэктара Навадруцкай БШ правесці са школьнікамі гутарку на тэму наркаманіі, таксікаманіі, захворванняў, якія перадаюцца палавым шляхам. Разумее: у тым ліку ад яе як медыка залежыць здароўе землякоў і тое, якой будзе старасць цяперашніх дзяцей і іх блізкіх.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.