Диана Урбель в прошлом году закончила БГМУ, а сегодня она заведует аптекой в 5 городке

Важное Здравоохранение

Дзіяна Урбель толькі летась закончыла Беларускі дзяржаўны медуніверсітэт, а сёння яна ўжо загадчыца аптэкі.

Напісаць пра маладога спецыяліста рэдакцыю папрасілі жыхары мікрараёна 5-га гарадка, дзе размяшчаецца аптэка №372 пятай катэгорыі рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Фар­мацыя». Загадчыца цэнтральнай аптэкі №87 Жанна Лагвіненка ахвотна падтрымала гэту ідэю. «Дзіяна Урбель — кантактная, акуратная, уважлівая і спагадная да людзей, вельмі адказная, — характарызавала яна правізара. — Паўгода праходзіла ў нас інтэрнатуру. Вучылі і прыглядаліся, на што здатная. Радуе, што не памыліліся, назначыўшы загадчыцай».

А сама дзяўчына, успа­мінаючы інтэрнатуру, расказвала: «У мяне быў шок, калі назірала, як хутка правізары абслугоўваюць наведвальнікаў: знаходзяць патрэбны ім прэпарат, удакладняюць дазіроўку, даюць парады. Хіба я так змагу? Упершыню стаўшы за касу, думала, што з-за страху страчу прытом­насць. Але літаральна за пару месяцаў усяму навучылася. Зараз на рабочым месцы адчуваю сябе ўпэўнена».

У абавязках загадчыцы аптэкі, акрамя абслугоўвання наведвальнікаў, яшчэ і заказ, прыём тавару, вядзенне дакументацыі. Дзякуючы калегам, якія ўжо мелі пэўны вопыт, Дзіяна навучылася і гэтаму.

— Перакананая, што не памылілася ў выбары прафесіі, — гаварыла дзяўчына. — Работа мне падабаецца, яна цікавая. Галоўнае, што дапамагаю людзям. І так радасна, калі яны прыходзяць у аптэку і дзякуюць, раяць адно другому загля­нуць менавіта да нас (разам са мной на паўстаўкі працуе Ірына Галубоўская).

Прызналася, што бывалі і непрыемныя моманты. Напрыклад, чалавек вырашыў вярнуць у аптэку лякарства, але яго не прымаюць. Прыходзіцца цярпліва тлумачыць правілы продажу. Каб такіх сітуацый не здаралася, па некалькі разоў перапытвае ў наведвальнікаў, ці дакладна такі прэпарат і ў такой дазіроўцы, як просяць, ім патрэбны. Пара­іць найперш звярнуцца па кансультацыю да ўрача, бо галоўны прынцып фармацэўтаў, як і ўсіх медыкаў, — не нашкодзіць здароўю чалавека.

Дзіяна — пастаўчанка. У медуніверсітэт яна паступіла па мэтавым накіраванні і ў адпаведнасці з дагаворам абавязана адпрацаваць у райцэнтры 5 гадоў. «А я і не рвуся ў вялікі горад, — працягвала дзяўчына. — У Паставах мяне ўсё задавальняе: жыву з бацькамі, ваджу машыну, бяру ў рукі гітару, кантактую з сябрамі, люблю адпачываць на прыродзе, займаюся любімай справай!» І пацвердзіла шчырасць сваіх слоў адкрытай, абаяльнай усмешкай.

Фаіна Касаткіна. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.