«Гарадоцкія львы»–ФСК «Паставы» – 4:1
Гэты матч праходзіў на запасным полі ЦСК «Віцебскі», так як стадыён у Гарадку заліло. Сапернік змагаўся актыўна, адразу завалодаў гульнявой ініцыятывай. Аднак першымі маглі вызначыцца нашы. На 2-й хвіліне пасля імклівай контратакі моцна прабіў у вугал варот паўабаронца Уладзімір Камісарчук. Гарадокцаў выратаваў ад гола іх варатар Арцём Палавінскі.
Небяспечныя выпады пастаўчан у далейшым зрываліся з-за недакладных заключных перадач. Мячом часцей валодаў сапернік. На 28-й хвіліне нападаючы Гарадка на хуткасці згуляў жорстка і пры сутыкненні ўдарыў у плячо нашага варатара Андрэя Чашуна. Ён атрымаў сур’ёзную траўму і не змог прадоўжыць сустрэчу. На інцыдэнт нашы адказалі двума небяспечнымі стрэламі, якія былі заблакіраваны. Неўзабаве сапернік Аляксандр Шылаў без перашкод адкрыў лік — 1:0.
У пачатку другога тайма гарадокцы загулялі яшчэ больш актыўна, а ФСК «Паставы» ўпусціў зручны момант адыграцца. За гэта сапернік двойчы на працягу пяці хвілін пакараў нашу каманду. Спачатку Ілья Мялік умела скарыстаўся неразбярыхай у абароне пастаўчан. Затым ён жа спакойна накіраваў мяч у пустыя вароты пасля фланговага прарыву — 3:0. Лёс паядынку фактычна быў прадвырашаны. Нашы зарабілі сабе яшчэ і пенальці, які тэхнічна рэалізаваў абаронца гарадокцаў Ілья Вараб’ёў. Не даў саперніку больш вызначыцца наш рэзервовы варатар Аляксей Бяляўцаў.
У канцоўцы матча пастаўчане пайшлі вялікімі сіламі наперад і намаганнямі Кірыла Каралёнка правялі гол прэстыжу.
На выездзе саступілі Чашун (Бяляўцаў), Маршын, Голубеў (к), Пучынскі (Богай), Хмяльніцкі (Івашкоў), Камісарчук, Звяруга (Чатовіч), Кундра, Ясюковіч (Курыловіч), Каралёнак, Вілейта.
У 6-м туры ў групе «А» на выездзе зноў вызначыўся ФК «Міёры», які з лікам 4:0 адолеў каманду Сянно. Першае ачко ў сваю скарбонку паклала «Ніва» (Талачын), яна згуляла дома ўнічыю (2:2) з нашым наступным сапернікам — «Полацкам-2019». 21 чэрвеня ў горадзе над Дзвіной пастаўчане правядуць заключны матч 1-га круга. У падгрупе «С» чарговыя сустрэчы завяршыліся так: «Дрывяціч» (Браслаў)—ФК «Шаркаўшчына» — 3:1, «Дзвіна» (Бешанковічы)—«Партызан» (Ушачы) — 2:2, ФК «Докшыцы»—ФК «Лёзна» — 2:2.
Уладзімір Шык

