Чэмпіянат Беларусі па футболе. “Ніва” (Талачын) – ФСК “Паставы” – 2:4

Спорт и туризм

На чарговы далёкі выезд у Талачын пастаўчане прыехалі з добрым настроем у аптымальным складзе. Паколькі асноўныя матчы каманд 2-й лігі трансліруюцца, яны ведалі, як гуляе сапернік і  падрыхтаваліся да адказнай сустрэчы. Змагацца прыйшлося ўпершыню ў добрае летняе надвор’е, праўда ў першым тайме яшчэ і супраць моцнага сустрэчнага ветру. Талачынцы адразу пачалі гульню ад абароны, актыўна прэсінгавалі ў цэнтры полі і разлічвалі на хуткія фланговыя контратакі. Такі план “Нівы” прынёс ёй поспех ужо на 8-й хвіліне. Гаспадары адабралі мяч, знайшлі пасам у штрафной вопытнейшага Арцёма Сляцкага, які трапна стрэліў у далёкі вугал – 1:0.

Няўдача не засмуціла нашых, якія трывала завалодалі мячом і ўзмацнілі націск, пайшлі наперад вялікімі сіламі. Неўзабаве сапернік дачакаўся свайго моманту, мог падвоіць перавагу. На шчасце, надзейна згуляў наш варатар Андрэй Чашун. З цяжкасцю талачынцы адбіваліся, але нашы ўмела пераадовольвалі іх абарончыя зоны і да перапынку змаглі тройчы вызначыцца. У гэтых узяццях варот удзельнічаў наш 28-гадовы цэнтральны нападаючы Андрэй Вілейта. Спачатку на 19-й хвіліне ён выбег на ўдарную пазіцыю і зраўняў лік. Сапернік тут жа  адказаў вострай камбінацыяй, але загубіў зручны момант. Праз тры мінуты Андрэй Вілейта скарыстаўся непаразуменнем паміж сабой галкіпера і абаронцы “Нівы” – 1:2.

Чэмпіянат Беларусі па футболе. “Ніва” (Талачын) – ФСК “Паставы” – 2:4
Прыгожая атака пастаўчан у выкананні Андрэя Вілейты (№ 21) і Яўгена Ясюковіча (№ 7).

Напрыканцы тайма нашы сталі поўнасцю дамінаваць на полі, патрапілі ў штангу. Прыгожа над перакладзінай стрэліў Аляксандр Звяруга. Яго партнёр Дзмітрый Кундра мог накіроўваць мяч у сетку, але замест гэтага аддаў лішнюю перадачу. У трэцім эпізодзе ў скачку варатар саперніка адбіў мяч на вуглавы. Аднак ён на 38-й хвіліне капітуляваў пасля ўзорнай камбінацыі нашых і завяршальнага ўдару зноў А. Вілейты – 1:3. У другім тайме гульня супакоілася, а пасля гадзіны супрацьстаяння зноў абвастрылася, калі пастаўчане крыху страцілі канцэнтрацыю. Сапернік абыграў двух абаронцаў, а Арцём Сляцкі паўторна вызначыўся. На шчасце, радаваліся талачынцы нядоўга, бо нашы правялі серыю замен і вярнулі сабе гульнявую ініцыятыву. Перад фінальным свістком 4 разы бліскуча згуляў варатар “Нівы”, але на 82-й мінуце яго перайграў атакуючы паўабаронца Кірыл Каралёнак. У канцоўцы рэзервны нападаючы Раман Мядзведзеў зарабіў пенальці, але не змог сам яго рэалізаваць.

У цікавым для гледачоў матчы ўпэўненай перамогі дабіліся Чашун, Маршын, Голубеў (к), Пучынскі, Касенка, Жылевіч, Звяруга, Каралёнак, Камісарчук, Кундра. Вілейта. На замены выходзілі Ясюковіч, Чатовіч, Галяш, Хмяльніцкі, Мядзведзеў, Рогач, Дзеўгуць. У іншых сустрэчах тура групы “А” зафіксавалі такія вынікі: “Газавік” (Віцебск) – “Полацк-2019” – 4:0, ФК “Сянно” – “Гарадоцкія львы” – 0:1. Адкрыты футбол быў і ў астатніх падгрупах: ФК “Чашнікі” – “Ураджай” (Віцебскі р-н) – 6:3, ФК “Лепель” – ФК “Глыбокае” – 2:2, “Дрывяціч” (Браслаў) – ФК “Ліёзна” – 2:1, ФК “Шуміліна” – “Партызан” (Ушачы) – 1:6, “Дзвіна” (Бешанковічы) – ФК “Докшыцы” – 2:7. У актыве ФСК “Паставы” стала 6 ачкоў, яны замацаваліся на 3-м прамежкавым месцы. Наступны 5-ты тур першынства нашы прапусцяць, затым іх чакаюць выязныя паядынкі ў Гарадку і Полацку. Пастаўчане згуляюць таксама і ў розыгрышы Кубка рэгіёнаў Беларусі па футболе, на першым этапе пазмагаюцца за адпаведны абласны трафей.

Уладзімір Шык
Фота з адкрытых крыніц



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.