Юная вокалистка Амалия Сухан представит Беларусь на детском конкурсе «Витебск-2025» на «Славянском базаре»

Важное Культура

«Я не спынюся!» — такі дэвіз юнай вакалісткі Амаліі Сухан па жыцці і назва песні, з якой яна перамагла на нацыянальным адборы на Міжнародны дзіцячы музычны конкурс «Віцебск-2025» на «Славянскім базары» і будзе прадстаўляць на ім нашу краіну.

У яе рэдкае і вельмі прыгожае імя. Выбіраючы яго для дачушкі, бацькі нібыта прадбачылі, што дзяўчынка стане артысткай і са сцэны мілагучна і прыцягальна загучыць: «Выступае Амалія Сухан!»

Юная вокалистка Амалия Сухан представит Беларусь на детском конкурсе «Витебск-2025» на «Славянском базаре»

Так і сталася. Амаліі ўсяго 13 гадоў (дарэчы, 13-ы дзень нараджэння ў яе заўтра — 19 чэрвеня), а яна на якіх толькі сцэнах ужо ні выступала. У тым ліку і ў Паставах на спартыўна-культурным фестывалі «Вытокі», канцэртную праграму якога вёў міністр культуры Беларусі Руслан Чарнецкі. Гледачам вельмі спадабалася песня дзяўчынкі, і яны адарылі яе дружнымі апладысментамі. Аднак нямногія ведалі, што Паставы для юнай салісткі — асаблівы горад. Пра гэта я і пачала з ёй гутарку.

 — Амалія, што цябе звязвае з Паставамі?

— Гэта мой другі родны горад. Я нарадзілася і жыву ў Мінску, але Паставы для мяне вельмі дарагія, бо тут вырасла мая мама Таццяна (у дзявоцтве — Врублеўская), тут жыве дзядуля Леанід Сяргеевіч, родны дзядзь­ка, хросная маці, стрыечныя браты і сястра. Сюды я прыязджаю кожнае лета. Люблю гуляць па горадзе. Здаецца, ведаю кожную вуліцу. Мне падабаюцца Паставы, у іх вельмі ўтульна.

Юная вокалистка Амалия Сухан представит Беларусь на детском конкурсе «Витебск-2025» на «Славянском базаре»

— Аднак вернемся да творчасці. Адкуль яе вытокі? Калі пачала спяваць?

— Спяваць любіла з самага маленства, але мама з татам не надавалі гэтаму асаблівай увагі, бо ўсе дзеці спява­юць. Завесці мяне ў музычную школу і на праслухоўванне ў якую-­небудзь студыю параіла мая хросная маці Юлія Врублеўская. У музычнай школе я вучылася граць на гітары, фартэпіяна, ударных інструментах. У пра­дзюсарскім цэнтры «СПАМАШ» развіваю свае вакальныя даныя. Там займаюся ўжо 5 гадоў.

— Раскажы, калі ласка, як рыхтавалася да нацыянальнага адбору.

— Спачатку ад кожнай вобласці адабралі па 5 вакалістаў, затым з агульнай колькасці — 10. Сам конкурс праходзіў у культурнай сталіцы краіны, якой сёлета аб’яўлены горад Іванава Брэсцкай вобласці. Рыхтаваліся да яго цэлай камандай. Пачалі яшчэ ў мінулым годзе, пасля таго як мне не ўдалося перамагчы ў такім жа нацыянальным адборы на «Славянскі базар у Віцебску»: падвяло хваляванне, а магчыма, не хапіла прафесіяналізму. Няўдача, безумоўна, засмуціла мяне, але і падштурхнула да яшчэ большай актыўнасці. Кампазітар Леанід Шырын і паэт Алесь Камоцкі напісалі для мяне песню «Я не спынюся!». Яна расказвае пра ўвесь творчы шлях, які я прайшла за два апошнія гады, і ў параўнанні з папярэдняй песняй гэтых жа аўтараў «Спеў святла» мае зусім іншы настрой. А на конкурсе на «Славянскім базары» буду выконваць трэк з мульт­фільма «Кароль Леў» Circle of life, «Песню о далёкой Родине» Мікаэла Тарывердзіева.

Юная вокалистка Амалия Сухан представит Беларусь на детском конкурсе «Витебск-2025» на «Славянском базаре»

— Але і песня «Спеў святла» Леаніда Шырына і Алеся Камоцкага мела поспех…

— Так, на рэспубліканскім конкурсе маладых выканаўцаў «Халі-Хало», які адбыўся ў 2023 годзе, журы прысудзіла мне за яе выкананне Гран-пры.

— А дзе яшчэ ты выступала?

— Яркія ўражанні засталіся ад шоу «Голос. Дети» на расійскім тэлебачанні. Кожны вакаліст імкнецца да ўдзелу ў конкурсах. Я папрасіла маму падаць заяўку на «Голос. Дети», і мяне ўзялі. Трапіла ў каманду Юліяны Каравулавай, і мы з ёй адразу ж знайшлі агульную мову. Там я ўпершыню выступала з аркестрам. Шоу дало пэўны вопыт і мноства эмоцый, у Маскве пасябравала з іншымі юнымі выканаўцамі.

А як адказна і хвалююча было выступаць перад 15-тысячнай аўдыторыяй на хакейным матчы ў «Мінск-Арэне»! Прычым я выконвала не проста песню, а а капэла гімн Беларусі. Выпаў гонар удзельнічаць у грандыёзным спартыўна-культурным фестывалі «Вытокі». Мяне запрашаюць на радыё, тэлебачанне, розныя канцэрты.

Юная вокалистка Амалия Сухан представит Беларусь на детском конкурсе «Витебск-2025» на «Славянском базаре»

— Хвалюешся кожны раз?

— Толькі перад выступленнем, а выйшаўшы на сцэну, цалкам пагружаюся ў песню і пражываю яе.

— Я чытала ў адным інтэрв’ю, што мама раіла табе не перажываць, не змагацца на конкурсах за перамогу, а проста атрымліваць яркія эмоцыі.

— Спачатку так і было — я проста кайфавала на сцэне. Але чым часцей выступаю, тым больш пераконваюся, што здольная пазмагацца за перамогу. Таму і на Міжнародны дзіцячы музычны конкурс «Віцебск-2025» у межах «Славянскага базару» паеду не дзеля ўдзелу, а каб перамагчы.

— Як рыхтуешся да яго?

— Рэпетыцыі праходзяць штодня. Як і кожны артыст, раблю ўпор на вакал. Аднак вакал — гэта адно, а артыстызм — зусім іншае. Каб прадстаўляць краіну на «Славянскім базары», трэба быць менавіта артыстам. Таму, акрамя адточвання вакалу, пад кіраўніцтвам настаўнікаў карпатліва працую над харэаграфіяй, акцёрскім майстэрствам, сцэнічным вобразам. Рытм жыцця вельмі напружаны, але я люблю гэта. Для мяне вельмі важна кожны раз застацца задаволенай сваім выступленнем. А ўдзельнічаць у конкурсе на «Славянскім базары» — яшчэ і вялікая адказнасць.

Юная вокалистка Амалия Сухан представит Беларусь на детском конкурсе «Витебск-2025» на «Славянском базаре»

— Амалія, а як жа канікулы? Ты так і не адпачнеш за ўсё лета?

— Адпачну! У жніўні ўсёй сям’ёй паедзем на мора. А ўвогуле люблю лыжы, канькі, купанне, веласіпед, сустракаюся з сябрамі, актыўна вяду сваю старонку ў «Інстаграме». Займалася каратэ і фігурным катаннем, але зараз на гэта няма часу. А яшчэ ў нас ёсць сабака Буч вартавой пароды кане-корса. Але па нораве ён як кот: ласкавы, дружалюбны. Вельмі люблю бавіцца з ім. Такі выдатны сябар!

— На завяршэнне раскажы, калі ласка, пра самае галоўнае для кожнага чалавека — сям’ю.

— Яна ў нас вялікая і вельмі дружная: мама, тата, два старэйшыя браты. Работа маіх бацькоў не звязаная з творчасцю, але яны заўсёды могуць нешта параіць, падказаць, дапамагчы ў любой сітуацыі. З мамай любім хадзіць у тэатр, таксама яна суправаджае мяне на ўсе выступленні, раздзяляе маё захапленне спевамі, вытрымлівае мой рытм жыцця. Без дапамогі мамы і таты ў мяне нічога не атрымалася б. А як мяне падтрымлівае дзядуля Лёня і ўся пастаўская радня, бабуля і дзядуля з Любані! Усіх люблю і ўсім удзячная!

Сустрэўшыся з Амаліяй Сухан, я нібыта дакранулася да пяшчотнага анёлка — акрамя неймаверна прыгожай знешнасці, у гэтай дзяўчынцы столькі цеплыні і пяшчоты, таленту і харызмы! І ў той жа час — настойлівасці, мэтанакіраванасці, не па гадах даросласці. Пажадаем жа яркай зорачцы перамогі на «Славянскім базары ў Віцебску» і будзем балець за яе!

 Гутарыла Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.