Павел Азаров рассказал о коварстве сахарного диабета

Здравоохранение

Адно з самых распаўсюджаных захворванняў сучаснасці і даволі частая прычына выкліку «хуткай» — цукровы дыябет. Лічыцца, што ён развіваецца ў тых, хто ўжывае шмат салодкага. На самай справе гэта больш складаная паталогія, якая толькі часткова залежыць ад харчавання і можа развіцца ў любога чалавека. Пра тое, чым небяспечны дыябет, якія яго прычыны і фактары рызыкі, а таксама што рабіць у выпадку дыябетычнай комы, расказвае старшы фельчар аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі «Паставы» Павел Азараў:

— Цукровы дыябет — гэта захворванне, звязанае з абменам рэчываў. Людзі з дыябетам не могуць як след засвойваць вугляводы, якія ў арганізме пад уздзеяннем гармону інсуліну ператвараюцца ў глюкозу і служаць асноўнай крыніцай энергіі. У выніку ў іх значна павышаецца канцэнтрацыя глюкозы (цукру крыві). Яе лішак мае таксічнае ўздзеянне і разбурае сценкі сасудаў, нервовыя валокны і ўнутраныя органы.

Прычыны развіцця дыябету розныя. Сярод іх генетычная схільнасць, збой у рабоце імуннай сістэмы, некаторыя вірусныя інфекцыі і хранічныя захворванні эндакрыннай сістэмы. Але найбольш частая прычына — асаблівасці харчавання. Лішак тлушчаў і простых вугляводаў у рацыёне, як правіла, прыводзіць да атлусцення і зніжэння адчувальнасці клетак да інсуліну.

Павел Азаров рассказал о коварстве сахарного диабета

Цукровы дыябет бывае прыроджаным і набытым. Першы сустракаецца даволі рэдка. На яго можна захварэць, калі дыябет ёсць у кроўных родных. Што да набытага дыябету, то фактарамі яго рызыкі з’яўляюцца лішняя вага, маларухомы лад жыцця, дэпрэсія, хранічны стрэс, артэрыяльная гіпертэнзія, сардэчна-сасудзістыя захворванні і высокі ўзровень «дрэннага» халестэрыну.

Каварства дыябету ў тым, што ён доўгі час можа развівацца непрыметна або праяўляцца настолькі слаба, што чалавек не здагадаецца пра яго наяўнасць. Выявіць захворванне дапамагае дыспансерызацыя. Але ёсць сімптомы, якія павінны насцярожыць. Гэта раптоўная смага, выражаная слабасць, частае моча­спусканне, у дзяцей — нетрыманне мачы па начах, рэзкая страта вагі без бачных прычын, пастаяннае пачуццё голаду. Другаснымі сімптомамі (на позніх стадыях захворвання), якія сведчаць пра ўскладненні, з’яўляюцца сверб скуры, млоснасць і рвота, боль у жываце, сухасць у роце, мышачная слабасць, затуманены зрок, дрэннае зажыванне ран, аняменне пальцаў на руках або нагах, пах ацэтону з роту.

Пры вельмі высокім або вельмі нізкім узроўні цукру ў крыві ў чалавека можа развіцца дыябетычная кома. Яна бывае гіперглікемічнай (выклікана павышэннем цукру) і гіпаглікемічнай (звязана з яго зніжэннем). Апошняя звычайна ўзнікае ў людзей, якія знаходзяцца на інсулінатэрапіі. Яе прадвеснікі — дрыжыкі ў целе, галавакружэнне, нервознасць, моцны голад, млоснасць, размыты зрок, парушэнне рытму сэрца.

Каб купіраваць гіпаглікемічную кому, трэба з’есці 15 грамаў хуткіх вугляводаў: цукерку, чайную лыжку мёду або цукру, выпіць салодкага соку або прыняць таблетку глюкозы. Калі праз 15 хвілін цукар не падняўся, зрабіць гэта зноў. У выпадку страчвання чалавекам прытомнасці — пакласці яго на бок, расшпіліць каўнер адзення, даць рассмактаць нешта салодкае і выклікаць хуткую дапамогу. Ні ў якім выпадку нельга даваць піць, каб хворы раптам не захлынуўся.

Падрыхтавала Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.