Сянаж, упакаваны ў стрэйч-плёнку, вызначаецца асабліва добрай якасцю і пажыўнасцю. Гэту прагрэсіўную тэхналогію захоўвання корму актыўна выкарыстоўваюць многія сельгаспрадпрыемствы Пастаўшчыны. Сёлета найбольш яго нарыхтавалі пакуль толькі ў ААТ «Хацілы-агра». На трактарах з прэс-упакоўшчыкамі працуюць Андрэй Волк і Андрэй Малец. Абодва з багатым механізатарскім стажам. Не займаць ім і старання. Два Андрэі ўжо закансервавалі каля 900 тон травяной масы.
— У гэтай тэхналогіі самае важнае — своечасова скасіць травы, каб яны не былі грубымі, не пашкоджвалі плёнку, — расказваў Андрэй Волк. — Трэба захоўваць шчыльнасць і герметычнасць прасавання. У гэтым ужо маю вопыт. Прэс-упакоўшчык замацавалі за мной 14 гадоў таму. Столькі часу і рулоню правяленую зялёную масу. Таму, якім кіруе Андрэй Малец, чацвёрты сезон. Дажджы сёлета не даюць працаваць у поўную сілу. Але сянаж у стрэйч-плёнку можна нарыхтоўваць і пры больш высокай вільготнасці.
Анна Анішкевіч

