В прошлом году штат 1-го военного госпиталя пополнили супруги Владислав и Анна Патрубейко

Здравоохранение

Уладзіслава і Ганну Патрубейкаў аб’ядноўваюць не толькі агульнае прозвішча і сямейная сувязь, але і адно месца работы — 1-ы ваенны шпіталь органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь. У яго штаце маладыя медыкі з канца мінулага года.

Уладзіслаў — старшы ўрач-хірург хірургічнага аддзялення, Ганна — акушэр-гінеколаг паліклінічнага. Абое з’яўляюцца выпускнікамі Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, які і звёў іх разам.

— Родам я з Давід-Гарадка Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. Аня з Салігорска, што на Міншчыне. Пазнаёміліся, паступіўшы ва ўніверсітэт — былі аднагрупнікамі. На шостым курсе пажаніліся, — расказваў іх гісторыю галава сям’і. — Аспірантуру праходзілі ў Пінску, размеркаванне на работу атрымалі ў Ганцавічы. Там у цэнтральнай раённай бальніцы адпрацавалі паўтара года па сваіх спецыяльнасцях. А потым я выпадкова даведаўся, што ў шпіталі ў Паставах ёсць вакансія хірурга. Загарэўся жаданнем перавесціся сюды, і на сямейным савеце мы вырашылі: калі атрымаецца, будзем пераязджаць.

Як прызнаўся Уладзіслаў, ён заўсёды хацеў быць ваенным урачом, думаў паступаць на ваенна-медыцынскі факультэт БДМУ. Але падчас здачы экзаменаў падалося, што не праходзіць на яго па балах (хоць на самай справе іх хапала для залічэння), і падаў дакументы на лячэбную справу ў Гомель. І вось праз 8 гадоў з’явіўся шанц ажыццявіць сваю мару.

В прошлом году штат 1-го военного госпиталя пополнили супруги Владислав и Анна Патрубейко

Ганна адразу падтрымала намер мужа, хоць у Ганцавічах ужо атрымалі арэндную кватэру, наладзілі быт. З пераразмеркаваннем праблем не ўзнікла, і ў снежні 2024 года малады хірург пачаў выкон­ваць свае службовыя абавязкі ў шпіталі. Праз два месяцы сюды ж уладкавалася Ганна. Па словах медыкаў, прынялі іх вельмі добра, усё паказалі, расказалі.

— У мяне цудоўная калега-аку­шэрка Алена Адольфаўна Юхно, — гаварыла Ганна. — Яна ўвяла ў курс справы. Непасрэдны начальнік Сяргей Анатольевіч Мароз правёў па ўсім паліклінічным аддзяленні. У цэлым работа ў шпіталі мала чым адрозніваецца ад таго, чым я займалася ў райбальніцы. Гэтак жа прымаю і лячу пацыентаў — а гэта ваеннаслужачыя-жанчыны, члены сем’яў ваеннаслужачых і работнікі органаў пагранічнай службы. Але ёсць нюанс — правядзенне ваенна-ўрачэбных камісій.

Уважліва аднесліся калегі і да Уладзіслава. Начальнік хірургічнага аддзялення Аляксандр Галенскі дапамог разабрацца з асаблівасцямі афармлення дакументацыі. Іншыя хірургі пазнаёмілі са сваімі методыкамі вядзення пацыентаў. Бо, працуючы ў паліклініцы, не заўсёды можна сустрэць такія паталогіі, якія бываюць у салдат з-за павышанай фізічнай нагрузкі.

Нягледзячы на тое, што стаж работы ў маладых урачоў невялікі, яны паспелі зарэкамендаваць сябе добрымі спецыялістамі. Уладзіслава кіраўніцтва шпіталя мае намер назначыць загадчыкам аперацыйнага блока, які да звальнення ў запас узначальваў Сяргей Дзедуноў. Таксама сям’і паабяцалі ў хуткім часе даць арэнднае жыллё. Пакуль жа мед­установа кампенсуе амаль палову кошту здыму кватэры. Усё гэта схіляе Патрубейкаў да таго, каб пусціць карані на Пастаўшчыне.

— У вас вельмі прыгожы азёрны край! — захапляюцца яны. — Раней мы ніколі не былі на Віцебшчыне і пакуль вывучаем гэтыя мясціны. Нядаўна з’ездзілі ў Віцебск, пагулялі па горадзе. Упершыню пабывалі на Нарачы, паглядзелі і некаторыя азёры ў Пастаўскім раёне. Асабліва спадабаліся «Азяркі» — цудоўнае месца для адпачынку! Таму ў выхадныя нам ёсць чым заняцца.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.