Па выніках работы ў мінулым годзе варапаеўская аптэка адзначана Ганаровай граматай Віцебскага ўнітарнага прадпрыемства «Фармацыя».
Пра яе невялічкі калектыў і папрасіла напісаць к прафесійнаму святу медыкаў загадчык Пастаўскай цэнтральнай аптэкі №87 Жанна Лагвіненка. Адзначыла, што ў варапаеўскіх фармацэўтаў заўсёды высокія паказчыкі і культура абслугоўвання, яны дружныя і мэтанакіраваныя.
…У 1982 годзе Галіна і Валянціна — выпускніцы Магілёўскага медыцынскага вучылішча — атрымалі накіраванне на работу ў Пастаўскі раён. У калектыве варапаеўскай аптэкі іх прынялі цёпла. Аднак у дзяўчат не было намеру заставацца ў пасёлку. Яны планавалі пасля абавязковай трохгадовай адпрацоўкі вярнуцца на родную Магілёўшчыну. Але лёс распарадзіўся інакш: абедзве выйшлі замуж за мясцовых хлопцаў.
43 гады мінулі з таго часу. Варапаева стала для Галіны Шумскай і Валянціны Бурак не проста пастаянным, а любімым месцам жыхарства. Тут адбылося іх прафесійнае станаўленне, выраслі дзеці, з’явіліся сябры. Дарэчы, дачка Валянціны таксама выбрала прафесію медыка, яна медсястра. Займаецца лячэннем і дачка Галіны Шумскай, толькі не людзей, а жывёлы, бо яе спецыяльнасць — ветурач.
Вопытных фармацэўтаў добра ведаюць і паважаюць пасялкоўцы і жыхары навакольных вёсак. Куды найчасцей ідзе чалавек, асабліва немаладога ўзросту? У магазін і аптэку. Многім важна не толькі набыць лекі, але і пагаварыць, параіцца. Адны прыходзяць у аптэку з усмешкай на твары, іншыя могуць і пабурчэць. Галіна Уладзіміраўна (яна з 2018 года загадвае аптэкай) і Валянціна Данілаўна добразычліва ставяцца да кожнага наведвальніка. Пры неабходнасці даступна раскажуць пра той ці іншы прэпарат, азнаёмяць з інструкцыяй па яго прымяненні, параяць найбольш эфектыўны сродак.
Побач з ветэранамі працы — малады фармацэўт Дарына Дашкевіч, якая прыйшла ў калектыў год назад.
— Мяне прынялі тут вельмі цёпла, — падзялілася дзяўчына. — Падказваюць, дапамагаюць.
А старэйшыя калегі ў сваю чаргу хвалілі Дарыну: дысцыплінаваная, адказная, уважлівая, ветлівая з наведвальнікамі.
Зразумела, ім хочацца, каб дзяўчына засталася ў калектыве і пасля адпрацоўкі абавязковых двух гадоў. Але як будзе, пакажа час. А сёння сплаў вопыту і маладосці, які існуе ў варапаеўскай аптэцы, дае добры плён.
Фаіна Касаткіна

