Хозяйства Поставского района заготовили более 90 тысяч тонн сенажа при плане 165.500

Сельское хозяйство

Нарыхтоўка кармоў для грамадскага статка — працэс працаёмкі. Сёлета яе правя­дзенню аграрыям Пастаўшчыны вельмі перашкаджалі зацяжныя дажджы. На многія палі сельгаспрадпрыемстваў не маглі ўз’ехаць ні касілкі, ні корманарыхтоўчыя камбайны. Але як толькі ў мінулыя выхадныя ўсталявалася сонечнае надвор’е і глеба крыху падсохла, работа закіпела. Літаральна за некалькі дзён механізатарам удалося скасіць травы першага ўкосу на значнай плошчы. Усяго гэта работа праведзена больш чым на 14 000 гектараў з запланаваных 13 600. А ў ААТ «Навасёлкі-Лучай», «Янавіца-агра», «Сцяг Перамогі-агра», СП «Дунілавічы-агра» працягваюць касьбу траў звыш плана.

Па стане на 8 ліпеня гаспадаркі раёна нарыхтавалі больш за 90 тысяч тон сенажу пры плане 165 500.

У разліку на ўмоўную галаву жывёлы ёсць амаль 10 цэнтнераў кармавой адзінкі. Аднак гэта пакуль менш, чым у такі перыяд летась.

Мала проста скасіць, падвяліць, здрабніць і закласці ў траншэю сянажную масу. Адна няправільная тэхналагічная аперацыя — і багаты вітамінамі і мінераламі корм страчвае свае карысныя ўласцівасці. Ад якасці напрамую залежаць як вытворчыя паказчыкі на фермах і комплексах, так і здароўе жывёлы. Таму працэсу корманарыхтоўкі надаецца вялікая ўвага. За гэтым пільна сочаць работнікі дыягнастычнай лабараторыі Пастаўскай ветэрынарнай станцыі.

Хозяйства Поставского района заготовили более 90 тысяч тонн сенажа при плане 165.500

— Нашы спецыялісты і асабіста галоўны ветурач раёна Андрэй Масцяніца перад пачаткам корманарыхтоўкі кантралявалі падрыхтоўку сянажных траншэй да закладкі ў іх сянажнай масы, каб яны былі ачышчаныя, прадэзынфіцыраваныя, — расказвала загадчык лабараторыі Дар’я Мурзёнак. — Адно з асноўных правілаў корманарыхтоўкі — не прапусціць фазу, у якой травы максімальна багатыя пажыўнымі элементамі. Падчас закладкі сенажу замяраем тэмпературу, вільготнасць зялёнай масы на трамбоўцы, правяраем на наяўнасць караціну, шкодных нітратаў. Даследаванні пачынаюцца ў траншэі і заканчваюцца ў лабараторыі.

Правільна і своечасова трэба не толькі закладваць і трамбаваць сянажную масу, але і закрываць траншэю. Там свая тэхналогія, адступленне ад якой можа перакрэсліць усе папярэднія намаганні. Да кантролю якасці кармоў спецыялісты вяртаюцца і тады, калі іх пачнуць уво­дзіць у рацыён жывёлы.

Высокую якасць мае сянаж у стрэйч-­плёнцы: ён максімальна насычаны бялкамі, вітамінамі і мікраэлементамі, не падвяргаецца ўздзеянню паветра, вільгаці, ультрафіялетавых промняў, максімальна захоўвае пажыўныя якасці на працягу доўгага часу. Іншымі словамі, гэта травяныя кансервы без кансервантаў. Усяго па раёне такога корму нарыхтавана 3 300 тон. Найбольшую перавагу яму аддаюць у ААТ «Хацілы-агра», дзе маюць ужо больш за 1 700 тон.

Надвор’е спрыяе, і работы на сенажацях працягваюцца.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.