Со студенческим огоньком работают в ОАО «Камайский-агро» старшекурсники БГАТУ

Сельское хозяйство

З ранняй вясны да позняй восені ў сельскай гаспадарцы шмат розных спраў. І ў такі час рабочыя рукі на вагу золата. Хлебаробам ААТ «Камайскі-агра» не першы год дапамагаюць у рамонце тэхнікі, на іншых работах студэнты Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта. У рамках супрацоўніцтва гаспадаркі з навучальнай установай вясной тут на працягу 24 дзён працаваў студэнцкі атрад. Хлопцы рыхтавалі трактары да тэхнічнага агляду, глебаапрацоўчыя агрэгаты — да веснавой сяўбы. Здаўшы сесію за 3-і курс, адзін са студатрадаўцаў — Арцём Калодзіч — прапанаваў сваім аднагрупнікам Віталію Бычкову, Дзянісу Бруханаву, Данілу Шусту і Валерыю Жарнасеку паехаць у «Камайскі» на вытворчую практыку.

— Пасялілі нас у той жа дом у Дварчанах, у якім мы жылі вясной, — расказваў Арцём. — Жыллё нармальнае. Абедам кормяць у мясцовай сталовай. А сняданак і вячэру гатуем самі. Як я казаў і вясной, у любую страву кожны ўкладвае часцінку сваёй душы.

Со студенческим огоньком работают в ОАО «Камайский-агро» старшекурсники БГАТУ

У гаспадарцы практыкантамі задаволеныя. Хлопцы добра разбіраюцца ў тэхніцы, дапамагалі мясцовым механізатарам рыхтаваць камбайны да жніва. Калі цяпер здараецца паломка ў полі, таксама выязджаюць на дапамогу.

— Сёння ўтраіх рамантуем корманарыхтоўчы камбайн, — расказвалі студэнты. — Жніво жнівом, а кармы таксама трэба нарыхтоўваць. Валеру Жарнасека паклікалі штосьці рамантаваць на млыне. А Віталій Бычкоў паехаў па справах у Мінск.

— Хлопцы самайстойныя, — характарызаваў практыкантаў галоўны інжынер сельгаспрадпрыемства Юрый Козел. — Працуюць сумленна, з даручэннямі спраўляюцца паспяхова. Рабочы дзень у іх па графіку з 8 гадзін раніцы да 5 вечара. Але калі ёсць неадкладная работа, затрымліваюцца даўжэй. «Падлечым» тэхніку, а там і за руль трактара іх пасадзім. Работы хапае, і іх дапамога для нас адчувальная.

Гутарыла з будучымі інжынерамі ў альтанцы для адпачынку. Яны разважалі пра жыццё ў вёсцы, працу ў сельскай гаспадарцы. Сур’ёзную размову разбаўлялі трапным гумарам. Развітвалася з маладымі людзьмі, зарадзіўшыся іх энергіяй і пазітывам.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.