На змену працяглым ападкам прыйшлі доўгачаканыя сонечныя дні, зажаўцеў азімы ячмень, і для аграрыяў наступіў адказны перыяд — жніво. У суботу першымі ў раёне выехалі ў поле камбайнеры ААТ «Сцяг Перамогі-агра», «Камайскі-агра» і сельгаспрадпрыемства «Дунілавічы-агра».
У Дунілавічах жніво стартавала з ячменнага поля каля Свідна. Толькі камбайнеры намалацілі па першым бункеры, як да іх завіталі работнікі Дунілавіцкага сельскага Дома культуры разам з яго загадчыцай Іна Русецкай, удзельнікамі мастацкай самадзейнасці і кіраўніком спраў Дунілавіцкага сельвыканкама Наталляй Арцямёнак. Іна Русецкая сярпом нажала першы сноп. Яго і духмяны каравай — сімвал гаспадарлівасці і дабрабыту — уручылі дырэктару сельгаспрадпрыемства Андрэю Сарапененку.
— За шмат дзён упершыню выдалася цудоўнае надвор’е, кожнай хвілінай якога так даражаць хлебаробы. Таму іх час не марнавалі. Пажадалі моцнага здароўя, плённай працы, добрага ўраджаю, падзялілі паміж прысутнымі каравай, і жняяркі камбайнаў зноў урэзаліся ў спелы ячмень. Вырашылі, што паспяваем і патанчым на дажынках, — расказвала загадчыца клуба.
У нядзелю да дунілавіцкіх камбайнераў наведалася і я разам з першым намеснікам старшыні райвыканкама Генадзіем Лютынскім. Ячмень каля Свідна ўбіралі Дзмітрый Лысёнак і Андрэй Галінскі. Камбайн апошняга забуксаваў у лагчыне. Мільгаў маячок — значыць, бункер поўны. Вадзіцель Вячаслаў Дзіковіч на МАЗе пад’ехаў на загрузку і таксама засеў. На выручку прыйшоў механізатар Андрэй Емяльянчык на трактары МТЗ-3022.
— Жніво будзе цяжкім, — з сумам у голасе гаварыў Дзмітрый Лысёнак. — Колькі часу траціцца на буксіроўку!
Прыемна было зноў сустрэцца з сямейным экіпажам Галінскіх. Андрэй — вопытны камбайнер. Нягледзячы на розныя складанасці, практычна падчас кожнага жніва намалочвае запаветную для многіх тысячу тон збожжа. Каторы год памочніцай у яго дачка Дар’я. Здаецца, зусім нядаўна фатаграфавала яе, першакурсніцу, разам з бацькам каля камбайна. А сёлета Даша атрымала дыплом аб заканчэнні фінансава-эканамічнага факультэта Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. За час жыцця ў горадзе не адвыкла ад вясковай працы і зноў ахвотна дапамагае бацьку на жніве.
— Нягледзячы на вясеннія засуху і замаразкі, колас наліўся, — расказвала галоўны аграном гаспадаркі Юлія Жуперка. — І ўраджай вырас неблагі. А вось як удасца яго ўбраць?!
У нядзелю два камбайны працавалі ў дунілавіцкім аддзяленні, чатыры — у ляхаўшчынскім. Там рупіліся Аляксандр Самковіч, Андрэй Палітыка, Сяргей Янковіч і Дзяніс Мядзвецкі. З ДЭУ-33 на дапамогу прыйдзе Павел Якубоўскі. Чакаюць у гаспадарцы і новы камбайн.
— Кожны камбайнер са стажам скажа, што жніво ніколі не бывае лёгкім, — гаварыў дырэктар СП «Дунілавічы-агра» Андрэй Сарапененка. — Усім удзельнікам уборачнай трэба мабілізавацца, набрацца цярпення, прыкласці максімум намаганняў. Надвор’е выпрабоўвае то засухай, то дажджамі. Але ўраджай трэба ратаваць.
— Азімы ячмень трэба ўбраць на плошчы 2 670 гектараў, — расказваў Генадзій Лютынскі. — Паспеў ён на тры тыдні пазней, чым у мінулым годзе. Таму і старт жніва затрымаўся. Летась на гэты час у засеках мелі ўжо 6 000 тон збожжа.
Анна Анішкевіч
Фота Вольгі Тананы



