26 ліпеня Каталіцкі Касцёл успамінаў святых Яўхіма і Ганну — бацькоў Найсвяцейшай Панны Марыі

Духовность

26 ліпеня Каталіцкі Касцёл успамінаў святых Яўхіма і Ганну — бацькоў Найсвяцейшай Панны Марыі. З гэтай нагоды кожны год у Лучаі ладзіцца фэст у гонар святой Ганны, якая з’яўляецца апякункай лучайскай парафіі, а яе абраз знаходзіцца ў бочным алтары касцёла.

Бываць на лучайскім фэсце для мяне — шматгадовая традыцыя. І не толькі таму, што Святая Ганна — мая нябесная апякунка. Люблю касцёл святога Юды Тадэвуша, з якім звязана шмат прыемных успамінаў. Некалі прыязджала сюды з ­бацькамі, малымі дзецьмі, цяпер наведваюся з мужам і блізкімі сяброўкамі. У лучайскім касцёле — намоленым за 250 гадоў месцы — асаблівая атмасфера. Тут сэрца напаўняецца спакоем, святлее і лягчэе на душы.

Сёлета на свята сабралася нямала гасцей. Па запрашэнні ксяндза-пробашча Яўгена Міхайлава завіталі святары з Пастаў, Камай, Дунілавіч, Валкалаты. Святую Імшу ўзначаліў пробашч маладой віцебскай парафіі айцец Віктар Жук. Ён прызнаўся, што яму вельмі прыемна быць у лучайскім касцёле, які пабудавалі езуіты. Да гэтага ордэна належыць і айцец Віктар.

26 ліпеня Каталіцкі Касцёл успамінаў святых Яўхіма і Ганну — бацькоў Найсвяцейшай Панны Марыі

Падчас казання святар засяродзіў увагу на асобе святой Ганны і сувязі пакаленняў, адзначыў, што важна ведаць свой род і быць годным яго прадаўжальнікам. Галоўны цэлебрант працытаваў пасланне Папы Льва XIV на Сусветны дзень пажылых людзей: «Пераемнасць так часта ігнаруецца, нібыта развіццё сучасных тэхналогій перакрэслівае мудрасць мінулых пакаленняў, а сучаснікі будуюць усё з нуля».

Нашы продкі перадалі нам найкаштоўнейшы дар — веру. У касцёле заўсёды сяджу на апошняй лаўцы, а перада мной — тыя людзі, якіх менавіта каталіцкая вера прыводзіць у Лучай. У гэтай святыні маліліся іх дзяды і прадзеды, бацькі, тут многія з прысутных упершыню прынялі святую Камунію, бралі шлюб, хрысцілі сваіх дзяцей і ўнукаў. А цяпер разам з імі прыязджа­юць з розных куточкаў Беларусі на Святую Імшу, прывіваюць маладым любоў да Бога, ву­чаць быць удзячнымі за кожны пражыты дзень.

Менавіта ў сям’і паглыбляецца вера. Айцец Віктар прывёў у прыклад сям’ю Яўхіма і Ганны, у якой выхоўвалася Найсвяцейшая Панна Марыя — маці Езуса. Як важна, калі сям’я — месца пяшчоты і любові. Кранальным момантам урачыстасці ў гонар Святой Ганны стала аднаўленне сужэнскіх абяцанняў. Прынесці прысягу любові, вернасці, павагі і жыцця разам да смерці ў згодзе i еднасці па цэнтры касцёла выстраілася больш за 30 пар. Сярод іх былі як маладыя, так і тыя, хто разам ужо некалькі дзясяткаў гадоў.

Завяршылася свята ўрачыстай працэсіяй вакол касцёла, спевам гімна «Цябе, Бога, праслаўляем» і асвячэннем транспартных сродкаў з нагоды ўспаміну святога Крыштафа — апекуна ва­дзіцеляў і падарожнікаў.

Пасля людзі гутарылі паміж сабой. Некаторыя да сустрэчы на лучайскім фэсце не бачыліся шмат гадоў. Прыехаўшы ў Лучай, кожны ведае, што тут — месца сілы.

Аднаўленне сужэнскіх абяцанняў – сведчанне таго, што паміж мужам і жонкай ёсць эмацыянальная сувязь і яны хочуць падзякаваць Богу за сумесныя гады жыцця і прыгадаць самыя шчаслівыя яго хвіліны.

Анна Анішкевіч
Фота «Каталіцкага весніка»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.