Камбайнер Максім Адзінец з малочнага завода стаў першым тысячнікам сярод маладых.
У чацвер к вечару Максім намалаціў запаветную тысячу тон збожжа. У пятніцу разам з намеснікам дырэктара прадпрыемства Канстанцінам Гайлеўскім і вядучым спецыялістам па ідэалогіі Аляксандрай Гайлеўскай едзем да перадавіка. Ён у той дзень працаваў у ААТ «Янавіца-агра». На ўскрайку поля стаіць МАЗ вадзіцеля завода Антона Антановіча. Такая магутная машына не можа ўз’ехаць на поле з той прычыны, што мокра. Загружаны МАЗ абавязкова забуксуе. Таму, намалаціўшы бункер, камбайнер праз усё поле едзе на выгрузку.
— Поле — 80 гектараў, так і каляшу ўзад-уперад, — гаварыў Максім. — Сёлетнім жнівом надвор’е літаральна ловім. Як толькі абвее расу — адразу пачынаем бітву за ўраджай. Яна вельмі цяжкая. Калі б не дажджы, усё ішло б шпарчэй. І тысячу раней намалаціў бы.
Максім сёлета ўпершыню сеў за штурвал «Нью Холанд». Спачатку крыху хваляваўся. Але тэхніку асвоіў хутка і нават у лідары выбіўся. У намалочанай тысячы — азімыя ячмень, рапс, пшаніца.
— З азартам убіраў пшаніцу ў «Камайскім», — расказваў. — За адзін дзень набраў 100 тон! У «Янавіцы» ўраджай намнога слабейшы. Сёння да абеду намалаціў толькі адзін бункер. Але ж трэба ўбіраць і такія палі.
Канстанцін і Аляксандра Гайлеўскія падзякавалі маладому камбайнеру за старанне, адказнасць, працавітасць, пажадалі новых дасягненняў і ўручылі прадуктовы набор. А прэмія ў 400 рублёў пералічана на картку.
Павіншаваць першага камбайнера-тысячніка сярод маладзёжных экіпажаў прыехала ў поле і другі сакратар райкама БРСМ Анастасія Зайкоўская. Яна адзначыла, што рэспубліканскі праект «Моладзь — за ўраджай!» БРСМ праводзіць штогод. Ён накіраваны не толькі на павышэнне харчовай бяспекі краіны, але і на папулярызацыю сельскагаспадарчай працы, прафесій аграрнага профілю, садзейнічае замацаванню моладзі ў вёсцы. Спаборніцтва арганізуецца сярод маладых камбайнераў і вадзіцеляў. Чакаем чарговага пераможцу!
Анна Анішкевіч

