Яго арыенцір – на каралеў! Здагадаліся, гледзячы на гэты здымак, што размова пойдзе зусім не пра асоб высокага рангу?
Каралевай называюць пчаліную матку. Такую назву яна атрымала за сваё верхавенства ў асяродку суродзічаў. Ні адна пчаліная сям’я не можа выжыць без сваёй каралевы, і ўсе ёй служаць: рабочыя пчолкі кормяць і ўтылізуюць адходы, трутні апладняюць, а яе адзіная і самая важная функцыя — узнаўленне патомства. Ад маткі залежыць прадуктыўнасць і сіла сем’яў, у якіх можа быць ад 20 да 100 тысяч пчол. За суткі матка адкладвае да 2 тысяч яек, з якіх праз 21 дзень вылупліваюцца пчолкі. Калі рабочая пчала жыве ў сярэднім 30—40 дзён, то матка — да 5 гадоў.
А зараз пра таго, хто захапіўся развядзеннем каралеў. Гэта жыхар райцэнтра Багдан Буйко. Яго ведаюць многія пастаўчане, паколькі ён 45 гадоў адпрацаваў у АТП №17 вадзіцелем аўтобуса на рэйсах у Мінск, Віцебск, Вільнюс. Зараз на пенсіі і з задавальненнем гаспадарыць на сваёй пасецы на бацькоўская сядзібе ў Каралінове.
— У майго бацькі было некалькі вулляў, але пчолы чамусьці не вяліся, — узгадваў Багдан Эдуардавіч ужо далёкі час. — А вось цесць меў вялікую пасеку. Я многаму ў яго навучыўся. Зараз паглыбляю свае веды ў інтэрнэце, кантактую з пчалярамі з Пастаў, Камарова, Полацка, Віцебска.
Недасведчаныя людзі, напэўна, думаюць, што пчалярства — справа не клопатная. Але гэта не так: спраў на пасецы хапае, і пчолы даюць прыбытак таму, хто любіць іх і ўмее даглядаць. Акрамя ўсяго, існуе каля 20 відаў хвароб гэтых насякомых, асабліва небяспечны іх вораг — клешч.
— Збіраем палын у стадыях вегетацыі і цвіцення, сасновыя шышкі, заварваем у прапорцыі адпаведна 200, 200 і 800 грамаў на вядро вады, дабаўляем крыху мёду і восенню ставім пчолам, — далучаецца да размовы жонка Эдуардавіча — Альдона Адольфаўна. — Такім чынам іх лечым.
А ён сам жартоўна дадае:
— Моршчацца, але п’юць.
Асабліва захоплена і падрабязна расказваў пчаляр пра развядзенне пчоламатак. Перадаць яго аповед не бяруся, ды і не бачу ў гэтым сэнсу (калі хто зацікавіцца, можа прачытаць у інтэрнэце). Скажу толькі: каб вырасціць з маленькай лічынкі якасную матку, трэба ажыццявіць складаны і працяглы працэс, які патрабуе вялікага вопыту, уважлівасці і акуратнасці пчаляра. Усе гэтыя якасці ўласцівыя Багдану Эдуардавічу. А вывад новых матак дазваляе яму праводзіць племянны адбор і пастаянна падтрымліваць пчол у рабочым стане. Таксама ёсць магчымасць падзяліцца імі з іншымі пчалярамі або прадаць.
На пасецы Багдана Буйко толькі 10 мядовых домікаў, у кожным з якіх змяшчаецца да 22 рамак. У разы больш невялікіх, шасцірамачных, домікаў, у якія засяляе новых матак. Домікі майструе з пенапласту і полістэролу, абшывае фольгай.
— У яго столькі работы! — шкадуе мужа Альдона Адольфаўна. — Не разумею, навошта так сябе абцяжарвае. Гэта ўжо не захапленне, а фанатызм.
На што Эдуардавіч толькі ўсміхаецца і вядзе мяне на пасеку. Я асмелілася на такую «экскурсію», надзеўшы на галаву ахоўную маску і заручыўшыся запэўніваннем гаспадара, што яго пчолы (а яны пароды Бакфаст), не куслівыя. І сапраўды, нягледзячы на тое, што нястомныя працаўніцы актыўна ляталі ў домікі і з іх, ні адна не ўджаліла.
Непадалёк ад хаты — участкі, засеяныя такімі меданоснымі культурамі, як фацэлія, сіняк, доннік белы, мардоўнік.
— Самы ранні медазбор — у сакавіку-красавіку, калі цвітуць вербы, якіх шмат відаў, — расказваў Багдан Эдуардавіч. — Асноўны — у ліпені, пасля чаго медазбор ідзе на спад. У спрыяльныя гады з аднаго доміка можна атрымаць вядро—два мёду, у неспрыяльныя — усяго некалькі літраў, а то і ўвогуле хоць бы хапіла самім пчолам на зіму.
Сёлетні год з-за неспрыяльнага надвор’я не мядовы, што, безумоўна, засмучае пчаляроў. Але гэта не прычына адмаўляцца ад любімай справы. Чаго і не збіраецца рабіць улюбёны ў пчалярства Багдан Буйко.
Фаіна Касаткіна

