Антонина Гинько из д. Дуброво на собственном опыте убедилась, что лучшая терапия – цветы

Общество

Найлепшая тэрапія – кветкавая. У гэтым на ўласным вопыце пераканалася Антаніна Гінько з в. Дуброва Курапольскага сельсавета.

І на гэты адрас, што за 30 кіламетраў ад райцэнтра, я трапіла, як звычайна, дзякуючы падказцы чытачоў. Вёсачка апусцелая, многія дамы трухнеюць, дзічэ­юць сады. Але ёсць і астраўкі прыгажосці, такія, як на сядзібе Антаніны і Іосіфа Гінько.

Антонина Гинько из д. Дуброво на собственном опыте убедилась, что лучшая терапия – цветы

Каб жа я загадзя ведала, што наведаюцца з рэдакцыі, то падрыхтавалася б, а так у мяне тут хаос, — разгублена сустрэла Антаніна Уладзіміраўна.

«Хаос» — гэта некалькі сотак, засаджаных кветкамі. Квітнеючы агародчык перад домам — толькі пачатак кветкавага царства, у разы больш іх за пабудовамі.

Не люблю шэрасць. Хочацца бачыць прыгажосць, таму ўсюды саджу кветкі, — гаварыла жанчына. — Напрыклад, на гэтых градках расла цыбуля. Каб не было сумна палоць ды паліваць яе, па краях насадзіла аксамітак. Кавалачак пад бульбай адгарадзіла вяргінямі, іх жа высадзіла і па ўсім перыметры агарода. Ды дзе іх толькі няма! Здаецца, і ўсё поле засадзіла б…

Антонина Гинько из д. Дуброво на собственном опыте убедилась, что лучшая терапия – цветы

Любуюся сцяной касмеі, вышэйшай за рост чалавека, захапляюся раскошнымі гладыёлусамі і светла-ружовымі, а таксама бардовымі вяргінямі, рознакаляровымі астрамі, бела-ружовай лаватэрай, яркімі аксаміткамі, больш сціплымі сухацветамі і іншымі раслінкамі. Здзіўляюся маштабам квітнеючай прасторы і хачу зразумець, як можна справіцца з доглядам такой вялікай колькасці кветак. Пра што і пытаюся ў гаспадыні, а ў адказ чую зусім нечаканае:

Гэта зусім не цяжка. Да таго ж сёлета часта праходзілі дажджы і не трэба было даставаць са студні ваду і паліваць раслінкі. Вырошчваць аднагадовыя кветкі прасцей, чым шматгадовыя. Для мяне гэта задавальненне. Я на пенсіі і не люблю ся­дзець у хаце, больш часу праводжу на дварэ. Дзе, як не ў кветках, на градках, у лесе, можна атрымаць найбольш радасці?

Антонина Гинько из д. Дуброво на собственном опыте убедилась, что лучшая терапия – цветы

Пастаянна ў Дуброве Антаніна жыве ўсяго два гады. Да гэтага з мужам Іосіфам праводзілі тут лета, а на зіму вярталіся ў сваю гарадскую кватэру ў Віцебску.

Там усе выгоды, а ў бацькоўскай хаце Іосіфа іх няма. Але я разумею, што мужу вельмі дарагі родны куточак, таму і згадзілася тут жыць аскетычна. Аддушыну знаходжу ў еднасці з прыродай.

Антонина Гинько из д. Дуброво на собственном опыте убедилась, что лучшая терапия – цветы

Я лічу так: дзе жывеш, там і стварай утульнасць. Ніхто не прыйдзе і не пасадзіць табе кветкі, агародніну, навядзе парадак у доме.

— А калі ляжаць на канапе ды гля­дзець тэлевізар або гадзінамі завісаць у мабільным тэлефоне, то што будзеш мець? Яшчэ горш, калі чалавек улягае ў спіртное і нішто іншае, акрамя таго, як выпіць, яго не хвалюе. Для мяне самае крыўднае, калі я за дзень нічога карыснага не зрабіла. Значыць, ён выкраслены з жыцця. А вось калі хоць у лесе пабывала, то дзень прайшоў не ўпустую.

Так, Антаніна — не толькі заўзяты агароднік і кветкавод, але і лесавічка. Ахвотна едзе на веласіпедзе ў ягады і грыбы, знаходзіць новыя, багатыя на дары, мясціны. У лесе наталяецца душа, хораша думаецца.

З ранняй вясны да позняй восені клопатаў у вёсцы хапае. «А ці не сумна зімаваць у апусцелай вёсачцы?» — пытаюся ў жанчыны.

Антонина Гинько из д. Дуброво на собственном опыте убедилась, что лучшая терапия – цветы

На нейкі тыдзень з’езджу ў Віцебск, яшчэ на адзін — на родную Гарадоччыну, дзе застаўся бацькоўскі дом, які ўтрымліваем у дагледжаным стане. Люблю чытаць перыёдыку і кнігі. Дзякуй старэйшыну вёскі Пятру Вайцяшонку, які прывозіць мне іх з курапольскай бібліятэкі. Такіх сардэчных людзей, як Пётр Сяргеевіч, я раней не сустракала. Пра ўсіх ён клапоціцца, усім дапамагае.

А старшыня Курапольскага сельскага Савета Лілія Гінько, даведаўшыся пра тое, што я збіраюся пісаць пра захапленне Антаніны кветкаводствам, папрасіла абавязкова ўзга­даць у артыкуле і пра актыўную жыццёвую пазіцыю жанчыны і яе мужа: яны і ў выбарах актыўна ўдзельнічалі, і разам са старэйшынам хадайнічалі пра рамонт дарогі да вёскі і ўвогуле нераўнадушныя да ўсяго, што адбываецца ў Дуброве.

Аднак вяртаемся да кветак.

Антонина Гинько из д. Дуброво на собственном опыте убедилась, что лучшая терапия – цветы

Гэта клумба перад домам сёлета атрымалася не такой, як я хацела, — засмучалася Антаніна Уладзіміраўна. — Будучай вясной зраблю інакш і прысвячу яе матухне-Зямлі, другую — Месяцу, трэцюю — анёлам-ахоўнікам. Можа, каму-небудзь гэта здасца дзівацтвам, але так жадае мая душа.

Яшчэ гэта захопленая і цікавая жанчына, якая некалькі дзесяцігоддзяў жыла і працавала ў Віцебску, а зараз пастаянна знаходзіцца ў вёсцы, расказвала пра тое, што знаходзіць радасць у любой пары года і задавальненне ў кожнай працы, што ёй падабаецца пахадзіць босай па траве, дакрануцца да кветкі і панюхаць яе, паназіраць, як калышуцца на ветры спелыя каласы, паслухаць птушак і шум лесу.

З усім гэтым, а не з якой-­небудзь тайнай я некалі адыду туды, куды адыходзяць усе, — гаварыла Антаніна. — А пакуль не толькі прымаю, але і люблю свой узрост, даражу жыццём і стараюся рабіць яго прыгажэйшым. 

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.