ААТ «Навасёлкі-Лучай» — адзіная гаспадарка ў раёне, якая вырошчвае бульбу. Сёлета яна займае 27 гектараў. З панядзелка пачалася ўборка другога хлеба. У ёй сельгаспрадпрыемству дапамагаюць больш за сто навучэнцаў Пастаўскага дзяржаўнага каледжа. Да іх мы і завіталі на бульбяны палетак.
Стаяў сонечны, па-летняму цёплы дзень. Разагнаныя барозны бялелі клубнямі. У полі звінелі маладыя галасы. У першую змену тут працавалі тры студэнцкія атрады: «Фенікс» імя Героя Савецкага Саюза П. Корбута, «Іскра» імя Героя Савецкага Саюза З. Партновай і «Глорыя» імя Героя Савецкага Саюза Л. Голікава. Яшчэ два атрады павінны былі заступіць на працоўную вахту пасля абеду.
Маючы інфармацыю, што ў полі лідзіруе «Фенікс», найперш і сустрэліся з яго байцамі. Майстар вытворчага навучання Валянціна Клянтак, якая курыруе гэты атрад, расказала, што ён аб’ядноўвае 21 першакурсніка — будучых трактарыстаў, вадзіцеляў, слесараў. Адзначыла, што хлопцы працуюць старанна, назвала прозвішчы тых, хто найбольш вызначыўся ў папярэдні дзень. Гэта Раман Яцына, Назар Харэвіч, Глеб Шэршань, Сяргей Ракшталіс, Максім Булына, Канстанцін Зелянкевіч, Максім Лесанян, Сяргей Яновіч. А я папрасіла гэтых хлопцаў папазіраваць для здымка ў газету.
Калі ў «Феніксе» адны юнакі, то ў двух іншых атрадах пераважная большасць дзяўчат. Не сказаць, што яны падбіраюць клубні з асаблівым задавальненнем, але разумеюць, што іх дапамога неабходная. Калі ж пастарацца, то можна і добра зарабіць.
— Гаспадарка арганізуе падвоз навучэнцаў, забяспечвае іх у полі бутыляванай пітной вадой, аднаразовымі шклянкамі, вадой для мыцця рук, ручнікамі, — расказваў намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ «Навасёлкі-Лучай» Славамір Шапель. — Заўсёды гатовы фронт работ — механізатар Сяргей Гіль ужо ў 4-5 гадзін раніцы выводзіць у поле бульбакапалку. Ля кожнага атрада — машына для пагрузкі і адвозкі бульбы.
Дарэчы, вадзіцелю Сяргею Варашкевічу якраз на бульбяным полі Славамір Шапель уручыў прэмію як аднаму з пераможцаў спаборніцтва на адвозцы зерня — днём раней Сяргей дасягнуў 2-тысячнага рубяжу.
Што да студатрадаўцаў, то за першыя чатыры дні працы на сельгаспрадпрыемстве яны падабралі 125 тон клубняў. Сёння ў работу ўключаны бульбаўборачны камбайн, таму тэмпы ўборкі другога хлеба ўзрастуць.
Фаіна Касаткіна










