Зерневыя і зернебабовыя ў гаспадарцы займалі 2 797 гектараў. Больш было толькі ў ААТ «Камайскі-агра» і «Навасёлкі-Лучай». Нядрэнна ўрадзіла азімае трыцікале — 31,3 ц/га. Азімая пшаніца дала 25,2 ц/га, яравая — 18,8, авёс — 18,5. Дзякуючы гэтаму ўдалося намалаціць 6 411 тон збожжа, што на 3 000 тон больш, чым летась.
Немалая заслуга ў гэтым дырэктара сельгаспрадпрыемства Андрэя Сарапененкі. Землі гаспадаркі раскіданы на вялікай адлегласці. Але падчас напружаных сельскагаспадарчых работ кіраўніка заўсёды можна было сустрэць у полі. Ён і галоўны аграном Юлія Жуперка прафесійна кіравалі кожным этапам пасяўной, уборачнай. Стараліся механізатары, якія рыхтавалі глебу і сеялі збожжавыя, уносілі мінеральныя ўдабрэнні, «хімічылі» пасевы. Наступіла жніво — многія з іх пераселі на камбайны. Андрэй Галінскі стаў першым у раёне тысячнікам. Такога ж намалоту дабіліся Аляксандр Самковіч, Дзмітрый Лысёнак. Рупіліся Дзяніс Мядзвецкі, Часлаў Пяткоўскі, Андрэй Палітыка, Сяргей Янковіч, а таксама Павел Якубоўскі з ДЭУ-33.
На адвозцы зерня адчувальнай была дапамога наёмных вадзіцеляў Анатолія Зарубы, Івана Купрыяновіча, вадзіцеля АТП-16
Юрыя Мажэйкі і іншых. А найбольш тон перавёз мясцовы вадзіцель Вячаслаў Дзіковіч. У напружаным рытме працавалі аператары зернесушыльнага комплексу Аляксандр Сабыніч і Славамір Малец.
Жніво аграрыі СП «Дунілавічы-агра» завяршылі ў ліку першых. Цяпер шчыруюць на ўраджай наступнага года. Плёну вам, шаноўныя!
Анна Анішкевіч

