Кожнае жніво – экзамен для хлебароба. Сёлетняе з-за пераўвільгатнення глебы ішло на Пастаўшчыне асабліва цяжка. На многіх палях, дзе паспяваў ураджай, камбайны буксавалі, і іх даводзілася выцягваць трактарамі – тэмпы жніва замаруджваліся. Як паветра патрабаваліся камбайны на гусенічным хаду, але такіх у раёне не было. Тады старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік звярнуўся па дапамогу. Яе аказалі аршанцы.
6 жніўня ў наш раён прыбыў камбайн на гусенічным хаду з 12-метровай жняяркай з Аршанскага камбіната хлебапрадуктаў. Кіравалі ім Генадзій Бабкоў і яго памочнік Ілья Запрагаеў. Экіпаж адпрацаваў на Пастаўшчыне да 12 верасня і дапамог ва ўборцы ўраджаю хлебаробам ААТ «Камайскі-агра», «Навасёлкі-Лучай» і «Кураполле-агра».
— Мы спагадаем вашым механізатарам, якім даводзіцца працаваць на такіх цяжкіх землях, — гаварылі аршанцы. — У нас яны лягчэйшыя і большая іх контурнасць.
Перад тым як Генадзія і Ілью накіравалі на Пастаўшчыну, яны паспелі намалаціць тысячу тон зерня, а ў нашым раёне — больш за 2 тысячы тон. Апошні тыдзень шчыравалі ў «Кураполлі-агра». Адсюль яны і адправіліся ўчора дадому. А напярэдадні да іх наведаўся кіраўнік раёна Сяргей Чэпік, каб падзякаваць за шчырую працу і ўручыць падарункі ад райвыканкама. Невялікія сувеніры падарыў працавітым памочнікам старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Васілій Катовіч.
— Генадзій Бабкоў і Ілья Запрагаеў унеслі вялікі ўклад у пастаўскі каравай, — гаварыў Сяргей Васільевіч. — Яны ўставалі ў 6 гадзін і дапазна працавалі ў полі. Я неаднаразова сустракаўся з імі і бачыў, як адказна адносіліся да справы. Вялі сябе па-мужчынску, не спасавалі перад цяжкасцямі, хаця і буксаваў камбайн, і сур’ёзныя паломкі здараліся.
— Як было не дапамагчы? Хлеб трэба ўбіраць! — гаварылі самі механізатары. — А нас вельмі добра прынялі ў раёне, мы жылі ў камфортных умовах, была смачная і каларыйная ежа, добра зарабілі. Безумоўна, па доме засумавалі, ды і шмат работы чакае там. Таму вяртаемся з радасцю, але Пастаўшчыну будзем успамінаць з прыемнасцю. А калі і ў наступныя гады спатрэбімся — прыедзем.
У каментарыі журналістам мясцовага тэлебачання і райгазеты Сяргей Чэпік адзначыў і ўзаемавыручку на ўборцы сярод сельгаспрадпрыемстваў раёна. Завяршыўшы жніво на сваіх землях, СП «Дунілавічы-агра» адправіла 3 камбайны ў Навасёлкі, «Сцяг Перамогі-агра» — у Камаі, «Ярэва-агра» — у Кураполле. У той жа час у «Хацілах-агра», дзе ёсць 11 камбайнаў, не палічылі патрэбным дапамагчы суседзям.
Сіноптыкі прагназуюць з 13 верасня дажджы, а ў раёне яшчэ застаюцца няўбранымі 500 гектараў зерневых. І ўраджай з іх таксама трэба ўратаваць. Такім чынам, сёлетняя ўборка без перабольшання стала бітвай за ўраджай.
Фаіна Касаткіна

