Пастаўчанін Павел Гатоўчык больш за два летнія месяцы правёў сёлета ў Якуціі.
Ён — студэнт 4-га курса Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта — уваходзіў у склад студэнцкага будаўнічага атрада «Рытм» імя Пятра Купрыянава, у якім налічвалася17 чалавек.
— Нам прапанавалі на выбар два варыянты: паехаць на будаўніцтва атамнай станцыі ў Ленінградскую вобласць або папрацаваць на чыгунцы ў Якуціі. Мы выбралі Якуцію, мяркуючы, што, чым далей, тым цікавей.
Маршрутка з Мінска да Масквы. Адтуль дзевяць з паловай гадзін лёту да Якуцка, далей — паром і зноў маршрутка. Пераадолена 9 тысяч кіламетраў, і вось яно, месца работы — чыгуначная станцыя «Алень» у Хангаласкім улусе.
Трэба сказаць, што атрад фарміраваўся яшчэ зімой на конкурснай аснове штабам працоўных спраў БРСМ Полацкага дзяржуніверсітэта. Для яго ўдзельнікаў былі арганізаваны курсы па навучанні спецыяльнасці «Манцёр пуці». Юнакі паспяхова здалі тэарэтычны і практычны экзамены і атрымалі пасведчанні манцёра пуці ІІІ разраду.
І вось пачаліся працоўныя будні, прычым у складаных таежных умовах. Акрамя «Рытма», на станцыю «Алень» прыехаў яшчэ адзін атрад з Беларусі — магілёўскі «Тытан». Хлопцы жылі ў купэйных вагонах спецыялізаванага цягніка. У іншых вагонах размяшчаліся сталовая і лазня. Студэнты займаліся заменай шпал, выпраўленнем пуці, перашываннем рэек.
— Работа вельмі цяжкая, — расказваў Павел. — Акрамя таго, стаяла спёка (тэрмометр паказваў да 40 градусаў). Кожны з нас за рабочы дзень выпіваў па чатыры літры вады. У першыя дні так стамляліся, што, памыўшыся і павячэраўшы, адразу клаліся спаць. Але арганізму было цяжка перабудавацца, бо розніца паміж беларускім і якуцкім гадзіннікавымі паясамі складала 6 гадзін. Да таго ж на працягу паўтара месяца нашага знаходжання там быў палярны дзень.
Стрэсам для маладых людзей стала адсутнасць на чыгуначнай станцыі інтэрнэту. Нават бацькам не маглі паведаміць пра тое, што ўжо знаходзяцца на месцы работы. Толькі праз тры тыдні пасля іх прыезду правялі сюды спадарожнікавы інтэрнэт. Да гэтага, адпрацаваўшы 6 дзён на тыдні, у нядзелю яны групай ішлі за дзевяць з паловай кіламетраў да найбліжэйшага да станцыі кафэ, размешчанага на трасе, каб падаць па інтэрнэце вестку пра сябе родным і каханым дзяўчатам.
Тайга – месца небяспечнае, таму студэнты рухаліся толькі групамі. Каб не здарылася якой-небудзь бяды, ім нават не дазволілі працаваць у начны час, калі было не так горача, як днём.
Бачылі мядзведзяў. Аднойчы двое медзведзянят забрылі на тэрыторыю, дзе будатрадаўцы жылі. Дзяжурная па станцыі выклікала па рацыі паляўнічых. Тыя прыехалі і прагналі звяроў у тайгу. Пасля чаго яшчэ суткі начавалі тут, каб прасачыць, ці не вернуцца тыя назад.
Павел расказваў, што «Алень» — станцыя бязлюдная і патрэбная толькі для падтрымання радыёсувязі з іншымі станцыямі. Пасажырскія цягнікі на ёй не спыняюцца, грузавыя — толькі каб прапусціць іншы. Аднак калі ўзнікае вострая патрэба, дыспетчар просіць па радыёсувязі начальніка пуці, каб пасажырскі цягнік спыніўся. Так было, калі адзін са студэнтаў моцна захварэў. Састаў спыніўся, і хлопца адправілі ў бальніцу ў найбліжэйшы горад Ніжні Бесцях, што за 120 кіламетраў па чыгунцы. У ёй ён праляжаў тыдзень і вярнуўся ў атрад.
У савецкі час камсамольцы Беларусі масава ўдзельнічалі ў будаўніцтве Байкала-Амурскай магістралі, паколькі ў 1974 годзе БАМ быў аб’яўлены ўсесаюзнай будоўляй. І вось праз паўстагоддзя іх пераемнікі — БРСМаўцы полацкага ўніверсітэта — таксама праявілі сябе тут ударнай працай. Яны нават сталі героямі якуцкага тэлебачання: расказвалі ў тэлеэфіры пра сваю працу, бытавыя ўмовы, адпачынак, уражанні ад тайгі.
Дадому Павел Гатоўчык вярнуўся схуднелы на 11 кілаграмаў (пра што ніколькі не шкадуе), па-рабочаму загарэлы, з немалой сумай на банкаўскай картцы і падарункамі для родных.
— Праца на чыгунцы ў Якуціі стала для мяне і маіх таварышаў па атрадзе добрай загартоўкай, — гаварыў юнак. — Мы годна вытрымалі экзамен на працавітасць і вынослівасць, пасябравалі. Акрамя таго, праца ў будатрадзе залічана нам ва ўніверсітэце як практыка. Адным словам, правялі лета з карысцю.
Фаіна Касаткіна
Фота даслаў Павел Гатоўчык

