Кветкаводы УП ЖКГ Пастаўскага раёна занялі 1-е месца ў абласным конкурсе прафесійнага майстэрства «Кветкі Віцебшчыны».
Арганізатары конкурсу — галоўнае ўпраўленне ЖКГ Віцебскага аблвыканкама і абласная арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі і сферы абслугоўвання. Конкурс па традыцыі праводзіцца ў тым раённым цэнтры, дзе адбываюцца абласныя «Дажынкі». Сёлета гэты гонар выпаў Чашнікам. Галоўнае свята хлебаробаў пройдзе 4 кастрычніка, а ў пачатку верасня тут ладзіўся названы конкурс.
— Рыхтаваліся мы да яго творча і ўдумліва, — дзяліўся майстар па добраўпарадкаванні УП ЖКГ Мікалай Кісялёў. — Разглядалі розныя варыянты кампазіцый і спыніліся на эскізе, які прапанавала наша кветкавод Вольга Цімафеева. Чаму, як не тэме міру, прысвяціць кампазіцыю ў год 80-годдзя Вялікай Перамогі? Выбралі такія яго сімвалы, як вясёлка над квітнеючай зямлёй і галуб, выпушчаны з працоўных рук у мірнае неба.
Па ўмовах конкурсу, 70% плошчы, адведзенай пад кампазіцыю, павінны былі займаць зялёныя насаджэнні, астатнюю прастору дазвалялася заняць упрыгажэннямі з дэкаратыўных элементаў. Вось і заззяла над зялёна-чырвонымі бягоніямі і альтэрнантэрай вясёлка з… пластыку. На яе выраб спатрэбілася каля 700 пластыкавых бутэлек. З іх донцаў выразалі кветачкі, фарбавалі іх у 7 колераў вясёлкі і прымацоўвалі да металічнага каркаса. Уяўляеце, наколькі карпатлівая праца? Але камунальнікі справіліся з ёй паспяхова, і іх рукатворная вясёлка ярка заззяла ў Чашніках.
Кампетэнтнае журы прысудзіла пастаўчанам 1-е месца ў конкурсе, тым самым у чарговы раз пацвердзіўшы іх высокі прафесіяналізм. А гэта не толькі афармленне кампазіцыі, але і яе прэзентацыя, а таксама адказы на пытанні журы, які датычылі прафесійнай дзейнасці.
Сёлета ў Паставах работнікі камунальнай службы высадзілі каля 30 тысяч кветак.
— У конкурсе «Кветкі Віцебшчыны» нашы кветкаводы ўдзельнічаюць штогод і кожны раз уваходзяць у тройку лідараў. Найчасцей займаюць 1-е або 2-е месца, — расказваў Мікалай Кісялёў. — Сёлета спаборнічала 13 каманд. Былі цікавыя кампазіцыі і ў іншых. Напрыклад, у сенненцаў, аршанцаў, верхнядзвінцаў, якія занялі адпаведна 2-е і 3-е месцы.
Застаецца назваць прозвішчы тых, хто абараняў гонар пастаўчан на абласным конкурсе. Гэта Вольга Цімафеева, Кацярына Сініца і Яўгеній Шчарбатых. І павіншаваць нашых камунальнікаў з чарговай перамогай.
Аднак у чытачоў можа ўзнікнуць пытанне, ці ўсё магчымае робяць нашы камунальнікі для таго, каб не толькі вызначыцца ў конкурсе, але і як найлепш упрыгожыць свой горад.
Мікалай Кісялёў расказаў, што, акрамя тых, хто ўдзельнічаў у абласным конкурсе, кветкаводствам займаюцца Наталія Рутко, Наталля Андрушкевіч, Вольга Пецюлевіч, Іна Скурко, Марына Кароль. Сезон у іх пачынаецца яшчэ ў лютым, калі высяваюць насенне на расаду. Затым раслінкі пікіруюць, а з наступленнем цяпла высаджваюць у адкрыты грунт. Для вырошчвання кветак выкарыстоўваюцца тры цяпліцы. Не абыходзіцца і без мужчынскіх рук, бо патрабуецца выраб і рамонт стэлажоў.
Прыгожыя клумбы мы бачым ля самалёта на ўездзе ў горад, непадалёк ад помніка загінулым воінам па вуліцы Чырвонаармейскай, на плошчах Леніна і Камсамольскай, каля гасцініцы па Савецкай, уздоўж вуліцы Чырвонаармейскай.
Безумоўна, хацелася б, каб кветак у нашым райцэнтры было яшчэ больш. Але ці варта спадзявацца толькі на камунальнікаў? У нас ёсць добрыя прыклады, калі жыхары шматпавярховак ахвотна ўпрыгожваюць тэрыторыі ля сваіх пад’ездаў. Варта больш актыўна падключацца да справы і іншым.
Фаіна Касаткіна





