У ААТ «Кураполле-агра» ўтрымліваецца 5 600 галоў буйной рагатай жывёлы. Каб забяспечыць яе кармамі, сёлета ў гаспадарцы травы вырошчвалі на 1,5 тысячы гектараў, кукурузу — на 730 га. З траў заклалі 21 тысячу тон сенажу, 12 тысяч тон яго плануюць нарыхтаваць з кукурузы.
— Уся кормаўборачная тэхніка ў нас старая, — гаварыў дырэктар ААТ «Кураполле-агра» Сяргей Патаповіч. — Вельмі патрабавалася яе абнаўленне. І сёлета мы атрымалі дзяржаўную дапамогу — за кошт сродкаў з абласнога бюджэту для нашай гаспадаркі набыты новы кормаўборачны камбайн вытворчасці «Гомсельмаш».
Новую тэхніку даверылі вопытнаму і стараннаму механізатару Анатолію Шваякову. На мінулым тыдні ён распачаў уборку кукурузы. А стары КВК-800 вывеў на палетак Іван Гурзан. Ім, а таксама механізатарам, занятым на адвозцы і трамбоўцы зялёнай масы, трэба выканаць вялікі аб’ём работ па нарыхтоўцы сакавітага корму. Толькі б не задажджыла!
Фаіна Касаткіна


