За плечами Ивана Третьяка из аг. Камаи не один десяток лет трудового стажа

Сельское хозяйство

За плячыма Івана Трацяка з Камай не адзін дзясятак гадоў працоўнага стажу. Нягледзячы на тое, што мае права на заслужаны адпачынак, на сёлетнім жніве працаваў нароўні з маладымі і перасягнуў тысячны намалот.

З-за зацяжных дажджоў жніво на Пастаўшчыне было надзвычай складаным: камбайны, машыны не маглі ўз’ехаць на поле, пастаянна прыходзілася іх буксіраваць. Каб хоць неяк выправіць сітуацыю, з жыткавіцкага аграсэрвісу прывезлі гусенічны камплект. Яго паставілі на камбайн Івана Трацяка з ААТ «Камайскі-агра».

 — Стаць у строй жніва ў мінулым годзе ўгаварыў мяне дырэктар сельгаспрадпрыемства Аляксандр Даніленка, — расказваў ветэран працы. — Праўда, летась камбайн ламаўся, і асалоды ад уборачнай не атрымаў. Сёлета нервы псавала дажджлівае надвор’е. Ураджай вырас добры, а ўбраць яго было праблемай. Гусеніцы на камбайне павысілі яго праходнасць, і ўдалося абмалаціць збажыну і на нізкіх участках.

У «Камайскім-агра» Іван Трацяк намалаціў 216 тон рапсу і 1 072 тоны збожжа. А калі на камайскіх палях уборачная завяршылася, камбайнеру прапанавалі паехаць на дапамогу курапольцам.

Там з ім і сустрэлася некалькі тыдняў назад. Ранак выдаўся росным. Іван Уладзіслававіч агледзеў камбайн і чакаў, пакуль абвее расу.

— Думаў, што ў Кураполлі надоўга не затрымаюся, — расказваў. — А ўжо другі тыдзень убіраю. Сёння на трэцяе поле пераехаў. Паглядзіце, колькі тут лапікаў добрай пшаніцы! Шкада такога хлеба. Нягледзячы на тое, што даўно ўсталявалася сонечнае надвор’е, глеба такая мокрая, што колавы камбайн не ідзе, а мой на гусенічным хаду даязджае. За 30 хвілін намалочваю бункер і вывожу збожжа на ўскраек поля для выгрузкі, вяртаюся назад. Тэмпы, вядома, слабыя, але засекі гаспадаркі папаўняюцца.

За плечами Ивана Третьяка из аг. Камаи не один десяток лет трудового стажа

У ААТ «Кураполле-­агра» Іван Трацяк убраў збожжавыя больш чым на 70 гектарах, намалаціў 259 тон.

— Ці было ў вашым жыцці такое цяжкае жніво? — пацікавіўся галоўны спецыяліст аддзела арганізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Павел Скрыдлеўскі, з якім я прыехала ў поле.

— Жніво ніколі не бывае лёгкім, — гаварыў Іван Уладзіслававіч. — Я пачынаў у былым калгасе імя Кірава на СК-4 памочнікам. Тры сезоны дапамагаў асноўнаму камбайнеру і ўсяму ў яго вучыўся. Адно жніво перад тэрміновай службай у арміі паспеў папрацаваць самастойна. А як адслужыў, так да выхаду на пенсію ні адной уборачнай не прапусціў. Вельмі складаным яно было ў 1978 годзе. «Нівы» тады «абувалі» ў металічныя гусеніцы, і ўсё роўна шмат зерневых зазімавала. Цяпер тэхніка магутная, тэмпы вышэйшыя. І тым не менш не на кожнае поле сучасны камбайн сёлета змог уз’ехаць.

Каб уратаваць ураджай у ААТ «Кураполле-агра» і «Хацілы-агра», раённая ўлада намервалася папрасіць дапамогі ў Гарадоцкага раёна, дзе таксама ёсць камбайн на гусенічным хаду. Але дзякуючы Івану Уладзі­слававічу, які з разуменнем аднёсся да сітуацыі, рэшткі пшаніцы і трыцікале ў абедзвюх гаспадарках абмалочаныя. У Хацілах Іван Трацяк намалаціў 108 тон збожжа.

— Убіраў апошнія гектары і шкадаваў камбайн, — расказваў Іван Трацяк. — Вельмі вялікая выпала на яго сёлета нагрузка. Трэба тэрмінова ставіць на абслугоўванне. Вярнуся ў Камаі — і займуся гэтым.

Кіраўніцтва не толькі названых вышэй гаспадарак, але і раёна цэніць сумленную працу, адказнасць, акуратнасць Івана Трацяка і бязмежна ўдзячнае за тое, што ён прыйшоў на дапамогу ў адзін з найбольш напружаных перыядаў сельскагаспадарчых работ. Ветэран працы быў у складзе дэлегацыі нашага раёна на абласным фестывалі-кірмашы «Дажынкі-2025». Падчас іх усплылі ўспаміны пра мінулыя святы, калег-перадавікоў.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.