3 снежня ў касцёле Святога Антонія Падуанскага распачынаюцца Святыя Місіі. Пра іх гутарка з ксяндзом-пробашчам Вадзімам Прасяным.
— Ксёндз Вадзім, патлумачце, калі ласка, што такое Святыя Місіі.
— Перад Божым Нараджэннем, Вялікаднем у парафіях звычайна праходзяць рэкалекцыі. Падчас іх з дапамогай спецыяльных казанняў і набажэнстваў вернікі рыхтуюцца велічна і з чыстым сэрцам сустрэць гэтыя святы. Святыя Місіі — час пошуку і пазнання Бога, адкрыцця Яго любові, раскрыцця перад Ім свайго сэрца і распазнання Яго волі ў сваім жыцці. Гэта асаблівы час ласкі і праяўлення міласэрнай любові Бога. У тлуме штодзённых клопатаў, праблем, перажыванняў мы часта забываем простую ісціну: Бог ёсць любоў, і Ён, як сапраўдны бацька, заўсёды чакае нас — здаровых і хворых, шчаслівых і засмучаных, паспяховых і няўдачлівых. І прымае нас такімі, якія мы ёсць. Кожны з нас лёгка трапляе ў руціну і прывыкае да абыякавасці ў сваім жыцці. Таму важна час ад часу прыпыніцца, спытаць сябе пра свае ўзаемаадносіны з Богам і бліжнімі, пра тое, ці адчуваем мы сябе па-сапраўднаму шчаслівымі. Менавіта Святыя Місіі, якія правядуць для нас айцы-рэдэмптарысты, дапамогуць тым, хто будзе ў іх удзельнічаць, задумацца аб сваім жыцці.
— На працягу тыдня (3—10 снежня) у нашым касцёле будуць праходзіць спецыяльныя набажэнствы, святая Імша, катэхезы. Кожны дзень Святых Місій будзе мець сваю тэматыку, якая з’яўляецца фундаментам хрысціянскага жыцця. Тэма першага дня — «Бог ёсць любоў». Лейтматывам наступнага місійнага набажэнства стане выраз «Наша збаўленне ў Езусе Хрысце». Трэці дзень прысвецім веры і навяртанню, калі з дапамогай місіянераў будзем вучыцца прабачаць затоеныя і свежыя, моцныя і нязначныя крыўды. Гэта таксама дзень споведзі і наведвання хворых дома. У чацвёрты дзень паразважаем на тэму «Езус — мой Пан», у пяты — «Калі чалавек памірае». У нядзелю, 7 снежня, пасля святой Імшы на 10 гадзін адбудзецца сустрэча з тымі, хто моліцца за душы чысцовыя. А падчас Імшы на 12.00 айцы-рэдэмптарысты благаславяць дзетак і цяжарных жанчын. У панядзелак, 8 снежня (шосты дзень Святых Місій), — парафіяльны фэст з нагоды ўрачыстасці Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Яго тэма — «Вось Маці твая». Сёмы дзень Святых Місій прысвечаны сям’і. Падчас кожнай святой Імшы сужэнскія пары ўзгадаюць свой шлюб і адновяць сужэнскія абяцанні. У сераду, 10 снежня, Святыя Місіі завершацца. У гэты дзень пасля Імшы на 10 гадзін будзе асвечаны місійны крыж і памятная табліца. Тыя, хто кожны дзень будзе ўдзельнічаць у місійных набажэнствах, атрымаюць благаслаўленне з поўным адпустам.
— У які час будуць адпраўляцца святыя Імшы?
— Святыя Місіі прыпадаюць на пачатак Адвэнта. У аўторак, чацвер і суботу ў нашай парафіі ў 6.45 — раратнія Імшы. Затым Імша на 10 і 18 гадзін. У іншыя дні — у 8, 10 і 18 гадзін. У нядзелю — яшчэ і ў 12.00, у Ярэве — у 14.00.
— Ксёндз Вадзім, як часта праводзяцца такія духоўныя практыкаванні?
— Для таго каб чалавек знайшоў страчаную да Бога дарогу, каб яго вера ўзмацнілася, Святыя Місіі ў парафіях праводзяцца раз на 10 гадоў. Кожны з нас вырашае для сябе, адкрыць сваю душу на святло Божага Слова ці прасядзець гэтыя святыя дні ў хаце. Кажуць, той, хто хоча, знойдзе хоць адну магчымасць, а хто не хоча — тысячу адгаворак. Бог Айцец запрашае кожнага. Жадаю, каб з Божай дапамогай у нас хапіла сілы духу і любові да Езуса Хрыста на цэлы тыдзень, дзень у дзень ахвяраваць свой час для ўдзелу ў набажэнствах і атрымаць ласку поўнага адпусту.
Гутарыла Анна Анішкевіч

