Чытачы «ПК», напэўна, звярнулі ўвагу, што кожны квартал сярод аператараў на адкорме жывёлы нязменна ў лідарах Надзея Мароз з ААТ «Хацілы-агра». Яе гадаванцы за суткі прыбываюць у вазе больш чым на кілаграм.
Вырашыла пазнаёміцца з перадавым аператарам. Жанчына пад’язджае на ўласным аўтамабілі і вядзе мяне да фермы, на якой працуе. Маладзенькая, прыгожая, прыветная.
— Вунь мае гадаванцы, — паказвае на вялікіх быкоў на выгульнай пляцоўцы. — Іх кармавы стол на свежым паветры. З апетытам паядаюць сенаж з дабаўленым камбікормам. У памяшканні жывёла толькі адпачывае. Я сачу, каб ва ўсім і ўсюды быў парадак.
Надзея даглядае 300 быкоў. Да яе яны паступаюць вагой прыкладна 270 кілаграмаў. Дзякуючы збалансаванаму кармленню і адказным адносінам аператара да выканання сваіх абавязкаў жывёла за суткі прыбывае ў вазе больш чым на кілаграм. У залежнасці ад вагавой катэгорыі быкі размешчаныя ў трох будынках. На рэалізацыю іх адпраўляюць тады, калі яны дасягнуць вагі 550-600 кілаграмаў.
— Першае, з чаго пачынаю рабочы дзень, — аглядаю гадаванцаў, — расказвала Надзея. — Звяртаю ўвагу на паводзіны, ці ўсе здаровыя. Калі заўважаю якія адхіленні, клічу ветурача, заатэхніка. Работа мая не складаная: кормараздатчык развозіць кармы, амкадор выдаляе гной, а я, каб корм не марнаваўся, падкідваю яго на кормастале. Гэта з малымі цялятамі клопатаў шмат, іх і палашчыць хочацца. А з маімі гадаванцамі вагой з паўтоны больш патрэбна строгасць.
Тры з паловай гады назад Марозы пакінулі сваю радзіму на Міёршчыне і прыехалі ў Хацілы. Тут жыве іх зямляк Уладзімір Банькоўскі. Ён і пераканаў у тым, што варта рашыцца на перамены. Надзя прызнаецца, што зрабіць гэта было вельмі няпроста. Але на ранейшым месцы не задавальняла зарплата. Муж Надзеі Аляксей адразу ўпісаўся ў кагорту хацілаўскіх перадавікоў. У лідарах і жонка.
Надзея па спецыяльнасці страхавы агент. Работа на ферме прывабіла вышэйшай зарплатай.
— Мы з Лёшам не баімся ніякай працы, прывучаныя да яе з дзяцінства, бо нарадзіліся і выраслі ў вясковых сем’ях, — дзялілася Надзя. — У Хацілах нам адразу выдзелілі добраўпарадкаваную кватэру. Сын Вадзім — васьмікласнік, дачушка Ксюша — пяцікласніца. У добрых умовах і абжывацца лягчэй. У нас ёсць мара — жыць у доме, каб трымаць гаспадарку, мець агарод, абуладкаваць кветнік, пасадзіць сад.
Няхай усё збудзецца!
Анна Анішкевіч

